Войцех Сегень: Гэта паказвае на хаос рашэнняў



Госць Рацыі – доктар Войцех Сегень з Універсітэта ў Беластоку, эксперт па сярэдняй і ўсходняй Еўропе. Пра вайну Расеі з Украінай і магчымасць выкарыстання ядзернай зброі з ім размаўляе Міхал Андрасюк.

РР: Абмяркоўваліся тэрміны – лістапад, снежань, але раней, чым усе спадзяваліся, ужо 23 верасня, у ДНР і ЛНР, а таксама ў Херсонскай і Запарожскай абласцях Украіны пачаліся рэферэндумы аб далучэнні да Расейскай Федэрацыі. Чаму Пуцін так спяшаўся?

Войцех Сегень: Гэта паказвае на хаос рашэнняў, якія ёсць, таму што калі паглядзець на планы, якія былі, яны былі зусім іншыя. Кірыенка, які быў адказны, ён быў прызначаны куратарам Данбаса, хацеў падрыхтаваць гэтыя рэферэндумы, каб больш-менш гэта выглядала легітымна. Яны павінны былі адбыцца пазней, калі будуць ужо занятыя гэтыя землі і поўнасцю будуць пад расейскім кантролем. Тады ўжо можна было б прыняць сімвалічныя даты рэферэндуму, яны хацелі зрабіць 4 лістапада, на дзень народнага адзінства. Гэта памяць пра вызваленне Крамля ад беларуска-польскіх інтэрвентаў у сямнаццатым стагоддзі. І гэта ўсё мелася выглядаць прыгожа. А тое, што адбылося цяпер, гэты хуткі псеўдарэферэндум, яны нават не прыхавалі элементарных медыяльных жэстаў, каб паказаць, што гэта было легітымна.  

Звязана з тым, што адбываецца на фронце. А на фронце адбываецца сітуацыя, якая паказвае вельмі добрыя дзеянні ўкраінскай арміі, якая крок за крокам адбівае наступныя сёлы і гарады.

Для мяне гэта паказчык хаосу ў Крамлі і пошук магчымасцяў паўплываць у сэнсе палітычнага шантажу на Захад, а таксама на Украіну, каб стрымаць контрнаступ украінскай арміі. Як гэта выглядала, мы ўсе бачылі гэтых людзей, якія хадзілі па панадворках з ваеннымі людзьмі пад дуламі і грукалі ў дзверы, каб людзі аддалі голас. Гэта фарс, я думаю, што нават нельга называць гэта рэферэндумам. Гэта проста фарс.

РР: Тым не менш тое, што адбылося, – адбылося. Ёсць такое меркаванне, што ў Расеі могуць стварыць новую федэральную акругу – Крымскую. І ў яе склад увойдуць Крым і далучаныя ўкраінскія тэрыторыі. Нават называецца, хто яе ўзначаліць – Дзмітрый Рагозін. Усе расейскія законы і дактрыны, уключаючы ядзерную, будуць распаўсюджвацца і на новыя тэрыторыі. Так заявіў кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў. І вось дапусцім, што Украіна працягне адваёўваць анэксаваныя Расеяй тэрыторыі, Расея разглядае гэта як атаку на сваю тэрыторыю  і выкарыстоўвае ядзерную зброю – і канфлікт пашыраецца. Можа нават стаць пачаткам сусветнай вайны.

Войцех Сегень: Я думаю, што гэты неверагодны сцэнар, неверагодны яшчэ некалькі тыдняў таму, абмяркоўваецца праз розных аналітыкаў – і заходніх, і ўкраінскіх аналітыкаў – як рэальны.  Але шмат людзей, якія займаюцца гэтым прафесійна, кажуць, што гэта малаверагодна, каб яны ўжылі тактычную ядзерную зброю.

Я думаю, што ўвогуле тое, што мы абмяркоўваем, Крымскую афіцыйную акругу, Запарожскую і г.д.  – гэта ўжо перайшло на ўзровень дыскурсу і на медыяльным узроўні чыста фікцыйнае. Украінцы падыходзяць да гэтага з дыстанцыяй. І калі яны ўзялі наступны горад, і ідуць ужо на Сватава, гавораць, што гэтыя гарады выйшлі з саставу Расеі пасля 12 гадзінаў прабывання там. Таму што ўкраінцы ведаюць адну рэч, і яна 100 % – усё вырашыцца  на полі бою. А людзі, якія займаюцца ваеннымі дактрынамі, кажуць, што магчымасць скарыстацца тактычнай ядзернай зброяй з расейскага боку невялікая.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя