Вольга Мусафірава: У нас іранскія дроны называюць “мапедамі”



Уся Украіна “чырвоная”, акрамя акупаванага Крыму, паведамляюць СМІ. У першай палове дня масавая паветраная трывога ва Украіне. Расея ўсё часцей выкарыстоўвае бамбаванні ўкраінскіх гарадоў. У Кіеве за апошнія тры тыдні ад удараў расейскай арміі ракетамі і беспілотнікамі загінулі 12 чалавек, вынікае з паведамленняў нацыянальнай паліцыі. Пацярпелі 60 чалавек. Разбураныя жылыя дамы, аб’екты крытычнай інфраструктуры, таксама пашкоджаныя і знішчаныя каля 100 аўтамабіляў.

Расейцы актыўна пачалі выкарыстоўваць іранскія дроны, расказвае з Кіева украінская журналістка Вольга Мусафірава:

-Дадаліся атакі іранскімі дронамі «Шахедамі”, якія нарабілі вельмі шмат гора ў сталіцы. Я бачыла іх у палёце. Вельмі непрыемнае пачуццё. У нас іх называюць “мапедамі”. У іх якраз гук, падобны да гуку мапеда, або газонакасілкі ці бензапілы. А ляціць ён на вельмі нізкай вышыні.

Афіцыйна і Масква, і Тэгеран адмаўляюць пастаўкі іранскіх беспілотнікаў Расеі. Аднак заходнія СМІ паведамлялі аб закупках дронаў з лета. Пра іх прымяненне ў вайне супраць Украіны вядома не толькі з заяваў ўкраінскіх і заходніх уладаў, але і па адкрытых дадзеных. У прыватнасці, іранскія дроны-камікадзэ «Шахед-136», перафарбаваныя і перайменаваныя ў «Герань-2», актыўна ўжываюцца ў тым ліку пры нападах на аб’екты ўкраінскай энергетычнай сістэмы ў апошнія тыдні.

Беларускае Радыё Рацыя

Array