Вялікабрытанія пашырыла санкцыі супраць Расеі



Вялікабрытанія ўвяла новыя санкцыі ў дачыненні да Расеі ў сувязі са сфабрыкаванымі рэферэндумамі ў чатырох абласцях Украіны.

«Расейскі рэжым арганізаваў гэтыя сфабрыкаваныя рэферэндумы ў адчайнай спробе захапіць землі і апраўдаць незаконную вайну. Працэс адлюстроўвае падыход Расеі да Крыма ў 2014 годзе, у якім спалучаюцца дэзінфармацыя, запалохванне і сфальсіфікаваныя вынікі. Гэтыя рэферэндумы не адлюстроўваюць волевыяўленне ўкраінскага народа і з’яўляюцца грубым парушэннем тэрытарыяльнай цэласнасці і палітычнай незалежнасці Украіны», – гаворыцца ў заяве МЗС Брытаніі.

Новыя санкцыі закранаюць асоб, якія маюць дачыненне да «рэферэндумаў», а таксама асоб, якія працягваюць падтрымліваць вайну Расеі супраць Украіны, заявіў міністр замежных спраў Брытаніі Джэймс Клеверлі.

Пад санкцыі патрапілі 33 фізічныя асобы (прадстаўнікі акупацыйных уладаў ЛНР, ДНР, Запарожскай вобласці, Херсонскай вобласці, супрацоўнікі расейскіх банкаў), а таксама піяр-агенцтва IMA Consulting, «Дзяржзнак», Маскоўскі камерцыйны банк міжнародных разлікаў.

reform.by