Яўген Дудкін: Ідэі паўстання Кастуся Каліноўскага па-ранейшаму актуальныя



1 лютага ў гісторыі нашай Айчыны вельмі значная гістарычная дата, якая замоўчваецца ў сучаснай Беларусі. Гэта паўстанне Кастуся Каліноўскага ў Беларусі і Літве. Паўстанне ў Польшчы пачалося 22 лютага. 1 лютага 1863 года Беларусь і Літва далучыліся да паўстання.

З сённяшнім госцем Беларускага Радыё Рацыя гісторыкам Яўгенам Дудкіным мы пагаварылі пра паўстанне Кастуся Каліноўскага.

РР: Чаму нацыянальна-вызвольнае паўстанне Каліноўскага лічыцца важнай падзеяў у гісторыі Беларусі? Было ж і раней паўстанне – Тадэвуш Касцюшкі.

Яўген Дудкін: Калі казаць пра паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, то гэта хутчэй за ўсё было паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Яно не мела выражанага нацыянальнага характару. Бо ішла размова пра вяртанне незалежнасці самой дзяржавы ў канкрэтных межах. А калі мы кажам пра паўстанне Кастуся Каліноўскага, тут уздымаецца беларускае пытанне, на гэта дае адказы «Мужыцкая праўда», што варта захаваць сваю беларускую мову, што ў ВКЛ гэта была мовай справаводства, ідзе зварот да сялянства як асноўнай рухаючай сілы для вяртання гэтай незалежнасці, ні шляхты, як палітычны народ, а сялянства, якое складала асноўнае насельніцтва Беларусі.

РР: Падзеі паўстання адбываліся велімі шырока геаграфічна і ў ім удзельнічала шмат выбітных асобаў. Пра што гэта гаворыць?

Яўген Дудкін: Гэта гаворыць пра тое, што шмат людзей ўдзельнічала ў паўстанні. Па-другое, паказвае геаграфію самога паўстання. Перадусім гэта заходняя Беларусь, Меншчына, вядома, што Горкі былі ўзятыя на Магілёўшчыне. Аднак палітыка русіфікацыі расейскай улады прывяла да таго, што ва ўсходніх губерніях была знішчана прага жадання незалежнасці і праўдзівая гісторыя пра ўласную дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае. Улады спрабавалі выкарыстоўваць сялян супраць шляхты, ствараючы штучна польска-беларускі канфлікт. То бок, пазіцыя расейскай улады – падзяляй і ўладар.

РР: Чаму ўлада сённяшняга рэжыму ў Менску замоўчвае паўстанне?

Яўген Дудкін: Замоўчваецца па адной простай прычыне – гэта кажа пра змаганне беларусаў супраць царызму. А царызм у нас з усходу – гэта Расея. А па-другое, прасочваюцца ідэі незалежнай беларускай дзяржавы, якая будзе вольная ад Расеі, што таксама парушае ўсю ідэалагічную канцэпцыю рэжыму Лукашэнкі, які лічыць, што Беларусь без Расеі ніяк не пражыве. Можа пражыць. І пра гэта казаў Кастусь Каліноўскі.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя

Array