Юлія Міцкевіч: У Швецыі доўгатэрміновая палітычная культура
У Швецыі сёння, 11 верасня, адбываюцца парламенцкія ды мясцовыя выбары. Юлія Міцкевіч, палітычная актывістка, якая ўдзельнічае ў назіранні за шведскімі выбарамі, каментую гэтую падзею ў эфіры нашага радыё.

РР: Гэта важны дзень у гісторыі Швецыі пасля нейкіх такіх пературбацый, зменаў прэм’ер-міністраў? Зараз чарговыя выбары – гэта такая важная падзея ці шараговая восеньская палітычная?
Юлія Міцкевіч: Безумоўна, гэта важная палітычная падзея, таму што выбары – гэта заўсёды вельмі важная падзея для шведаў і Швецыі. Але дакладна, гэта вельмі важна зараз, калі адбываюцца такія сур’ёзныя падзеі як вайна ва Украіне. І гэта таксама адбіваецца на настроях у Швецыі. Энергетычны крызіс і гэтак далей. Таму тут ідзе такая барацьба паміж палітычнымі партыямі.
РР: Ёсць сэнс параўноўваць шведскія выбары з беларускімі? Здаецца, гэта лекцыя вельмі-вельмі доўгая, калі шукаць параўнанні наколькі дэмакратычна праходзяць выбары. Думаю, што нашым чытачам асноўныя канцэпцыі будуць цікавыя. Але трэба сказаць, што глабальна адрозніваюцца выбары.
Юлія Міцкевіч: Канешне, глабальна адрозніваюцца. Па-першае, адрозніваюцца, калі прыходзіш на выбары ў якасці назіральнікаў. Вось тут мы ўжо зранку, дзесьці дзесяць розных выбарчых участкаў паглядзелі ў розных раёнах Стакгольма, і не было ніводнага нейкага негатыўнага стаўлення. Мы падыходзілі і да тых, хто галасуе, то-бок выбарцаў, і да тых, хто працуе ў камісіях, задавалі розныя пытанні і заўсёды былі адказы.
Шведы вельмі адкрытыя і шчырыя. І быў вельмі важны такі момант, які я адзначыла для сябе, – мы падыходзілі, стаяў там мужчына, ён пачуў, што мы размаўляем па-ангельску, ён звярнуўся да нас і запытаўся – хто мы. Мы адказалі, што мы назіральніцкая місія з розных краін, і ён сказаў: “Вы ведаеце, – гэта вельмі добра. Калі нават вам кажуць, што ў нас у Швецыі ўсё добра і не трэба назіраць, гэта азначае што назіраць трэба яшчэ болей, таму што гэта пра дэмакратыю”. І вось усю гэтую дэмакратычную палітычную культуру, якая тут пануе, канешне, адразу ты адчуваеш.
РР: На чым гэта палягае? На гэтых дыскусіях, дэбатах, ёсць, напэўна, нейкія брудныя метады выкарыстання сярод палітычных апанентаў ці акурат гэта ўсё там цывілізавана адбываецца?
Юлія Міцкевіч: Я б сказала, што збольшага ўсё цывілізавана, таму што тут дакладна такая доўгатэрміновая палітычная культура, якая склалася паміж палітычнымі апанентамі, і не важна, да якой партыі ты там належыш. Тут давер – гэта каштоўнасць, і таму давяраюць адно аднаму. І нават калі тут здараюцца нейкія кур’ёзныя выпадкі, гэта не парушае ўсю гэтую сістэму.
Яшчэ адзін вельмі важны момант, які б я хацела падкрэсліць, вось у мінулым 2018 годзе была назіральніцкая місія, якая таксама складалася з тых, хто прыязджаў, напрыклад, з Беларусі ды іншых краін, былі зробленыя нейкія рэкамендацыі, заўвагі, і гэта было таксама вынікам таго, што ў Швецыі зрабілі такую невялікую рэформу выбарчай сістэмы. Напрыклад, сталі больш пільна сачыць на выбарах чальцы камісій, каб не было так званага сямейнага галасавання, каб не заходзілі па двое ці трое з адной сям’і галасаваць ці не казалі штосьці адно аднаму.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Array