Затрыманы лідар АГП Мікалай Казлоў (абноўлена)
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, акрамя старшыні АГП Мікалая Казлова, затрыманыя таксама намесніца старшыні Антаніна Кавалёва і кіраўніца мінскай гарадской арганізацыі партыі Аксана Аляксеева.
Антаніна Кавалёва і Аксана Аляксеева цяпер знаходзяцца ў ІЧУ на Акрэсціна.
Мікалай Казлоў, у дачыненні да якога пачалі крымінальную справу паводле арт. 342 КК, знаходзіцца ва ўпраўленні Следчага камітэта. Паведамляецца, што яго наведаў адвакат.
Вядома, што падчас ператрусу сілавікі выбілі дзверы ў кватэру Аляксеевай.
* * *
У Менску затрыманы лідар АГП Мікалай Казлоў, ідуць масавыя ператрусы ў іншых партыйцаў.

Сярод тых, да каго прыйшлі а 7-й раніцы, старшыня Менскай гарадской арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аксана Аляксеева, паведамляе «Вясна». Яе таксама затрымалі.
«Апрычнікі абралі Дзень прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці для чарговых зачыстак. Затрыманы Мікола Казлоў — лідар АГП. Пагрукаліся і да іншых чальцоў партыі. Наступ на апошнюю арганізаваную выспу супраціву пачаты. Гэта вайна», — напісаў у Фэйсбуку былы кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Удакладняецца інфармацыя пра затрыманне яшчэ дваіх сябраў АГП.