„Айнтрахт” і „Глазга Рэйнджэрс” прабіліся ў фінал футбольнай Лігі Еўропы



У паўфінальным паядынку ў адказ у Франкфурце „Айнтрахт” перайграў англійскі „Вэст Хэм” 1:0, дзякуючы голу Рафаэля Барэ ў сярэдзіне першага тайма. На мінулым тыдні ў Лондане „Айнтрахт” таксама выйграў – 2:1. У фінале яго апанентам будзе „Глазга Рэйнджэрс”, які па суме дзвюх сустрэч адолеў яшчэ аднаго прадстаўніка бундэслігі „Лейпцыг” – 0:1 (у гасцях) і 3:1 (дома). Фінальны паядынак адбудзецца 18 траўня ў іспанскай Севільі.

„Рома” згуляе з „Феенордам” у першым у гісторыі фінале Лігі канферэнцый

„Рома” і „Феенорд” прабіліся ў першы ў гісторыі фінал Лігі канферэнцый. Рымскі клуб у паўфінале прайшоў „Лестэр”, абыграўшы ў паўторным матчы 1:0, дзякуючы голу Абрахама. У першай гульні была зафіксаваная нічыя 1:1. Каманда з Нідэрландаў па суме дзвюх сустрэч была мацнейшай за французскі „Марсэль”. Напярэдадні каманды згулялі ўнічыю 0:0. А ў першым матчы «Феенорд» быў мацней 3:2. Фінал Лігі канферэнцый пройдзе ў Тыране 25 траўня.

„Хімкі” хочуць выкупіць у БАТЭ Захара Волкава

Падмаскоўныя „Хімкі” выставілі БАТЭ прапанову аб выкупе абаронцы зборнай Беларусі Захара Волкава, які выступае ў расейскім клубе ў арэндзе. Сума выкупу складае 200-300 тысяч даляраў, паведамляе тэлеграм-канал „Вуха Анюкевіча”. Да футбаліста таксама праяўляюць цікавасць іншыя клубы РПЛ і два клубы з Польшчы і Венгрыі. Сам футбаліст зацікаўлены працягнуць кар’еру за мяжой.

БФФ дазволіла запаўняць стадыёны на 100% на матчах вышэйшай лігі

Гледачы могуць наведваць матчы футбольнага чэмпіянату Беларусі без кавідных абмежаванняў, стадыёны могуць запаўняцца поўнасцю. Так вырашылі ўдзельнікі пасяджэння выканаўчага камітэта асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола” ў Менску. Такое рашэнне прынята з улікам інфармацыі начальніка медыцынскага сектара тэхнічнага цэнтра АБФФ Аляксандра Падуты.
У лютым выканкам БФФ увёў спецыяльныя санітарныя патрабаванні. Гульцы дапускаліся да матчаў толькі пры наяўнасці даведкі аб вакцынацыі ад каронавіруса, альбо даведкі аб нядаўна перанесенай хваробы, альбо пры наяўнасці адмоўнага тэсту на каронавірус.

„Мяшкоў Брэст” перамог гандбалістаў „Машэкі” ў чэмпіянаце Беларусі

Гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” дагналі менскі СКА ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. У сваім 26-м паядынку дзейныя чэмпіёны краіны перайгралі на пляцоўцы берасцейскага спарткомлексу „Вікторыя” гасцей з магілёўскага клуба „Машэка” 33:27. Пасля гэтай перамогі ў актыве берасцейцаў стала 47 ачкоў. Столькі ж балаў у сталічных армейцаў, якія з вялікай цяжкасцю адолелі гандбалістаў свайго фарм-клуба БДУФК-СКА з перавагай усяго два мячы – 36:34. Гандбалісты „Гомеля” разграмілі ў Гародні мясцовы „Кронан” 35:25.

Андрэй Кавалёў пакінуў пасаду галоўнага трэнера „Брэста”

Андрэй Кавалёў пакінуў пасаду галоўнага трэнера хакейнага клуба „Брэст”. Прычына – заканчэнне тэрміну дзеяння кантракту, паведамляе прэс-служба клуба. Беларускі спецыяліст узначальваў каманду з горада над Бугам на працягу трох з паловай сезонаў. Пад кіраўніцтвам Кавалёва „Брэст” упершыню з 2014 года выйшаў у плэй-оф і двойчы заставаўся за крок ад барацьбы за галоўны тытул краіны.

Беларускае Радыё Рацыя