Анатоль Лябедзька: Раз на год і стрэльба страляе
Палітык і спартовы заўзятар Анатоль Лябедзька ацаніў шанцы беларускай зборнай на чэмпіянаце свету па хакеі, якія стартуе сёння.
Анатоль Лябедзька: Натуральна, што зборная Беларусі – не фаварыт турніра, таму задача-мінімум, як мінімум затрымацца ў вышэйшым эшалоне. А што датычыцца да сенсацый, то і стрэльба, якая вісіць, раз на год страляе. Так што можна толькі пажадаць, каб было пабольш прыемных сенсацый для беларускіх заўзятараў, і ў адным-двух матчах беларусы былі вышэй на галаву за тых, кім яны з’яўляюцца.
РР: Напярэдадні галоўны трэнер беларускай каманды Дэйв Льюіс заявіў, што перад зборнай пастаўлена задача – медалі сусветнага першынства. Навошта ставяцца такія завоблачныя мэты?
Анатоль Лябедзька: Я спадзяюся, што заакіянскі трэнер не спрабуе быць ксеракопіяй нашых чыноўнікаў, якія таксама гавораць, што Беларусь – самая дэмакратычная і самая тэхналагічная краіна. Думаю, што ў словах Льюіса – не агульнабеларускі трэнд, а спроба дадаць аптымізму самаму сабе, гульцам і заўзятарам.
РР: У Францыі наша каманда ўжо патрапіла ў эпіцэнтр скандала, калі мясцовыя паліцэйскія правялі вобшукі ў прадстаўнікоў зборнай на вакзале. Беларускія чыноўнікі вельмі абураны дзеяннямі французскіх паліцэйскіх…
Анатоль Лябедзька: Па інфармацыі са СМІ, працэдура праверкі доўжылася ўсяго каля 20 хвілін, і я не думаю, што гэта – такі вялікі скандал. Не веру, што гэта была загадзя спланаваная правакацыя супраць беларусаў. Калі б такое насамрэч было, то мы б бачылі зусім іншы фармат дзеянняў паліцыі. Таму трэба проста перагарнуць гэтую старонку, каб удзел беларусаў у чэмпіянаце свету не ўзвёўся ў агульнай масе да абмеркавання толькі гэтага. Таму не выключаю, што чыноўнікі ўжо цяпер “сцеляць салому”, і ў выпадку няўдалага выступлення каманды могуць спісаць няўдачу на вышэйзгаданы скандал.
РР: Дзіўна, што гэтых чыноўнікаў не абураюць дзеянні беларускай міліцыі, якая ў апошні час таксама адзначаецца “дэмакратызмам”…
Анатоль Лябедзька: Абсалютна так. Калі б у чыноўнікаў быў такі ж імпэт у абароне сваіх грамадзян не толькі за межамі Беларусі, але і ўнутры краіны, то цаны б ім не было. А то заўважылі смяцінку ў Францыі, а ў сябе дома ходзяць з бервяном.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя