Апанасовіч стала бронзавай медалісткай чэмпіянату свету па боксе



У сталіцы Індыі Нью-Дэлі набліжаецца да завяршэння 13-ты чэмпіянат свету па боксе сярод жанчын з удзелам беларускіх спартовак.

У восьмы дзень спаборніцтваў адбыліся паўфінальныя паядынкі ва ўсіх дванаццаці вагавых катэгорыях. Прадстаўніца Беларусі Юлія Апанасовіч, якая выступае ў вазе да 52 кг, білася за выхад у фінал з кітаянкай Ву Ю. Па выніках паядынку ўсе суддзі аддалі перавагу азіяцкай спартоўцы. Тым не менш, Юлія стала ўладальніцай бронзавага медаля чэмпіянату свету, бо баі за трэцяе месца на турніры не праводзяцца.

Шымановіч выйшла ў 3-і круг турніру ў іспанскай Пальманаве

У іспанскай Пальманаве на гэтым тыдні праходзіць турнір ITF у жанчын з прызавым фондам 25 000 даляраў. У ім прымае ўдзел беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч. Яна паспяхова прайшла бар’ер другога раўнда. На гэтай стадыі спаборніцтваў беларуска супернічала з гаспадыняй корта Гіёмар Марыстані. Для перамогі Ірыне хапіла двух сэтаў — 6:4, 6:2

Пінчук далучыўся да „Металурга”

Нападнік менскага „Дынама” Віталь Пінчук камандзіраваны ў „Металург”.

У бягучым сезоне форвард правёў 61 матч у рэгулярным чэмпіянаце КХЛ, дзе набраў 14 (8+6) балаў. Таксама на яго рахунку 6 паядынкаў у плэй-оф і 4 (2+2) ачкі. Па выніках першага раунда быў прызнаны лігай лепшым навічком, паведамляе ФХБ.

Пажыган і  Снытко пакінулі мінскае „Дынама”

Алег Пажыган і Аляксей Снытко пакінулі мінскае „Дынама”. Кантракты скасаваны па ініцыятыве хакеістаў. Правы на гульцоў захоўваюцца за „зубрамі”. „У сезоне-2022/23 абаронца Алег Пажыган дэбютаваў у КХЛ за „Дынама”: 9 матчаў у рэгулярцы, 1 (0+1) ачко, «-2». У плэй-оф згуляў у двух матчах. Брамнік Аляксей Снытко ў афіцыйных матчах за „Дынама” не гуляў”, — паведамляе прэс-служба.

Вергун працягне ўзначальваць БК „Менск” у наступным сезоне

Галоўны трэнер БК „Менск” Расціслаў Вяргун з вялікай доляй верагоднасці працягне ўзначальваць каманду і ў наступным сезоне, паведамляе Bet News. 40-гадовы ўраджэнец Чарнігаўшчыны, уся гульнявая і трэнерская кар’ера якога звязана з Беларуссю, знаходзіцца на пасадзе з 2019 года. На працягу гэтых чатырох гадоў ён з’яўляецца галоўным трэнерам мужчынскай нацыянальнай зборнай па баскетболе, сумяшчаючы пасады. Гэты сезон для менскага клуба складаецца вельмі няўдала. У рэгулярным першынстве Адзінай Лігі ВТБ каманда правяла 31 матч і толькі ў двух змагла выйграць. З такімі паказчыкамі беларускі калектыў займае апошняе, 12-е, месца ў табліцы розыгрышу. Шанцаў палепшыць становішча спраў няма. Апошні матч у бягучым сезоне „Менск” правядзе ў родных сценах. У нядзелю, 26 сакавіка супраць „Астаны” з Казахстана. Нягледзячы на серыю няўдач, настаўнік мінчан быў прызнаны найлепшым трэнерам 2022 года ў Беларусі.

Глеб адсутнічаў на канферэнцыі БФФ, па выніках якой стаў членам выканкама

Экс-хаўбек зборнай Беларусі Аляксандр Глеб адсутнічаў на справаздачна-выбарчай канферэнцыі БФФ, якая прайшла 22 сакавіка.

Глеб стаў адным з чатырох дэлегатаў, якія не змаглі наведаць імпрэзу па ўважлівай прычыне. Па выніках канферэнцыі былы паўабаронца „Арсенала” і „Барселоны” быў уключаны ў склад выканкама БФФ.

„Баварыя” звольніла галоўнага трэнера Юліяна Нагельсмана

Галоўны трэнер „Баварыі” Юльян Нагельсман звольнены з пасады настаўніка мюнхенскага клуба. Пра гэта паведамляе інсайдэр Фабрыцыа Рамана ў сваёй сацыяльнай сетцы. Галоўным кандыдатам на змену дзейнаму настаўніку „Баварыі” з’яўляецца экс-галоўны трэнер лонданскага „Чэлсі” і французскага „ПСЖ” Томас Тухель.

Экс-гулец „Барселоны” Боян Кркіч завешыў кар’еру

Боян Кркіч так і не дачакаўся атрымання прапановы ад іншых клубаў, пасля завяршэння кантракта з японскай дружынай „Вісэл Кобэ” і прыняў рашэнне завяршыць кар’еру, паведамляе афіцыйны Твітэр-акаўнт „Барселоны”. 32-гадовы іспанскі футбаліст, сербскага паходжання пагуляў за „Барселону”, „Рому”, „Мілан”, „Аякс”, „Сток Сіці”, „Майнц”, „Алавес”, „Манрэаль Імпакт” і „Вісэл Кобэ”. У складзе зборнай Іспаніі Кркіч правёў адзін матч.  На прэс-канферэнцыі, скліканай з такой нагоды, Кркіч заявіў, што правядзе развітальны матч за зборную Каталоніі.

Беларускае Радыё Рацыя