Апошнія чвэрцьфіналісты вызначацца на футбольным чэмпіянаце свету ў Катары



На чэмпіянаце свету па футболе ў Катары сёння стануць вядомы апошнія ўдзельнікі чвэрцьфінальнай стадыі. У заключным паядынку 1/8 фіналу футбалісты Партугаліі будуць супернічаць са швейцарцамі – пачатак гульні ў 22 гадзіны па беларускім часе. Тры чвэрцьфінальныя пары ўжо вядомыя: 9 снежня згуляюць Харватыя і Бразілія і Нідэрланды – Аргенціна; а 10 снежня Англія пазмагаецца з Францыяй.

Бамбардзірскую гонку 22-га планетарнага футбольнага форуму ўзначальвае лідар дзеючых чэмпіёнаў свету французаў Кіліян Мбапе, які забіў 5 мячоў.

Бенту пакінуў пасаду галоўнага трэнера зборнай Паўднёвай Карэі

Галоўны трэнер зборнай Паўднёвай Карэі Паўлу Бенту аб’явіў аб адыходзе з гэтай пасады пасля паразы ад нацыянальнай каманды Бразіліі 1:4 у 1/8 фіналу чэмпіянату свету ў Катары.

– Трэба думаць аб будучыні, і яно не будзе злучана з гульцамі зборнай Карэі. Толькі што аб’явіў аб гэтым футбалістам і прэзідэнту паўднёвакарэйскай федэрацыі. Гэтае рашэнне было прынятае яшчэ ў верасні. Засталося толькі падзякаваць гульцам за тое, што яны зрабілі. Яны аддалі ўсе свае сілы, і рады і ганаруся, што быў іх трэнерам, – прыводзіць словы Паўлу Бэнту Sky Sports.

Паўлу Бенту ўзначальваў зборную Карэі з 2018 года.

Футбалісты БАТЭ паспрачаюцца з „Белшынай” за выхад у паўфінал

У менскім Доме футбола адбылося лёсаванне чвэрцьфінальных пар розыгрышу Кубка Беларусі, якое правёў лепшы футбаліст рэспублікі мінулага сезону Уладзімір Хвашчынскі. Фіналісты мінулага розыгрышу футбалісты барысаўскага БАТЭ ў барацьбе за выхад у паўфінал двойчы сустрэнуцца з бабруйскай „Белшынай”, якая ў 1/8 фіналу адолела цяперашняга ўладальніка Кубка краіны „Гомель”. Барысаўчане перамаглі сталічны „Энергетык-БДУ”.

Чэмпіён Беларусі салігорскі „Шахцёр” будзе супернічаць з жодзінскім „Тарпеда-БелАЗам”. Мазырская „Славія” згуляе з футбалістамі „Слуцка”, а апанентам „Віцебска” будзе гарадзенскі „Нёман”. Чвэрцьфінальныя паядынкі пройдуць вясной, каманды сустрэнуцца па два разы – дома і ў гасцях.

Куадзьё працягнуў на год кантракт з берасцейскім „Дынама”

Івуарыйскі форвард берасцейскага „Дынама” Седрык Куадзьё падпісаў новы кантракт з клубам. Супрацоўніцтва з футбалістам, якое заканчвалася ў канцы года, працягнута да канца 2023 года, – паведамляе прэс-служба дынамаўцаў.

Куадзьё выступае за „Дынама-Брэст” з лета. Івуарыец, які выдатна знаёмы з вышэйшай лігай па гульні за „Слуцк”, „Тарпеда” (Мінск) і „Нёман”, стаў часткай маштабнага ўзмацнення падчас трансфернага акна, што ў выніку дазволіла захаваць месца ў вышэйшай лізе.

За чатыры месяцы ў Берасці 25-гадовы афрыканец паказаў, што з’яўляецца ключавым чальцом каманды і адным з лідараў нападу. Футбольны клуб „Дынама-Брэст” рады заручыцца дапамогай такога выканаўцы найменш на наступны сезон, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Спартдыр «Мяшкоў Брэст» Павел Башкін пакінуў клуб

Прэс-служба «Мяшкоў Брэст» паведаміла, што спартовы дырэктар клуба Павел Башкін пакінуў каманду. Кантракт з менеджэрам скасаваны па дамове бакоў.

Як інфармуе берасцейскі клуб, Башкін пакінуў каманду па сямейных абставінах.

Ён працаваў у гандбольным клубе больш за 12 гадоў, прыйшоўшы ў каманду гульцом, за два сезоны закінуўшы 180 мячоў у 64 матчах. У 2012 годзе ён завяршыў прафесійную кар’еру і застаўся ў «Мяшкоў Брэст».

Беларускае Радыё Рацыя