„Арсенал” і „Тарпеда-БелАЗ” перамаглі ў матчах чэмпіянату Беларусі



Дзяржынскі „Арсенал” перамог футбалістаў магілёўскага „Дняпра” з лікам 1:0 у матчы 14-га тура чэмпіянату Беларусі. Адзіны мяч сустрэчы ў Гарадзеі забіў вопытны абаронца „Арсенала” Станіслаў Сазановіч, які вызначыўся на 6-й хвіліне.

У Берасці мясцовае „Дынама” саступіла гасцям з жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” з тым жа лікам – 0:1. На 14-й хвіліне гульні пераможны гол забіў бразільскі хаўбек жодзінскай каманды Ліпэ Велоза.

Драгун – найлепшы гулец, Радзькоў – найлепшы трэнер футбольнага чэмпіянату Беларусі ў чэрвені

Паўабаронца барысаўскага БАТЭ Станіслаў Драгун прызнаны лепшым гульцом футбольнага чэмпіянату Беларусі ў чэрвені. Такі вынік традыцыйнага апытання асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола” з удзелам журналістаў вядучых СМІ Беларусі. 34-гадовы капітан барысаўчан у першым летнім месяцы быў адным з лідэраў сваёй каманды і забіў два мячы ў трох праведзеных матчах.
Сярод трэнераў лепшым стаў настаўнік „Іслачы” з Менскага раёна Арцём Радзькоў. У чэрвені яго падначаленыя абыгралі ў гасцях лідэра нацыянальнага першынства БАТЭ  і дома згулялі ўнічыю з футбалістамі „Гомеля”. Акрамя таго, „Іслач” упэўнена выйшла ў 1/8 фіналу розыгрышу Кубка Беларусі, святкаваўшы буйную вікторыю над сталічнымі „Крумкачамі”.

Найлепшы снайпер экстралігі працягне кар’еру ў Казахстане

Нападнік Уладзіслаў Бойка стаў гульцом „Бейбарыса”, паведамляе агенцтва ESA. Сезон-2021/22 хакеіст завяршаў ва ўкраінскім „Марыупалі”, дзе ў 16 матчах набраў 23 (12+11) ачкі.
З 2019 па 2021 гады Бойка гуляў у Беларусі за „Шахцёр”, „Юнацтва” і „Гомель”. У сезоне-2019/20 з 22 шайбамі стаў найлепшым снайперам рэгулярнага чэмпіянату. З улікам плэй-оф згуляў у экстралізе 137 матчаў, набраў у іх 74 (37+37) ачкі, – піша сайт ФХБ.

Джокавіч выйграў „Уімблдон” і абышоў па колькасці перамог на турнірах „Вялікага шлема” Федэрэра

Трэцяя ракетка свету Новак Джокавіч выйграў „Уімблдон”. У фінале ён перамог Ніка Кірыёса 4:6, 6:3, 6:4, 7:6. Гэта яго 21-я вікторыя на турнірах „Вялікага шлема”. Такім чынам, ён абагнаў па гэтым паказчыку швейцарца Роджэра Федэрэра і саступае толькі іспанцу Рафаэлю Надалю. У Лондане спартовец з Балкан стаў наймацнейшым чацвёрты раз запар і сёмы за ўсю гісторыю турніру. Ён зраўняўся з Пітам Сампрасам. Больш толькі ў Федэрэра, які ўзяў восем тытулаў у сталіцы Брытаніі.

Леклер стаў пераможцам „Гран-пры Аўстрыі”

Шарль Леклер, які прадстаўляе „Ферары”, выйграў „Гран-пры Аўстрыі” у рамках „Формулы-1”. Другое месца заняў Макс Ферстапен з „Рэд Бул”, трэцяе — Льюіс Хэмілтан з „Мэрсэдэса”. Серхіа Перэс з „Рэд Бул” і Нікалас Латыфі з „Уільямс” не змаглі завяршыць гонку.

Беларускае Радыё Рацыя