Арына Сабаленка выйшла ў паўфінал „AusOpen”, у якім згуляе з полькай Магдай Лінет



Арына Сабаленка (5-ы нумар рэйтынгу ВТА) выйшла ў 1/2 фіналу „Australian Open”, які праходзіць у Мельбурне. У матчы 1/4 фіналу беларуска перамагла харватку Дону Векіч (64 ВТА) — 6:3, 6:2. У паўфінале Сабаленка 26 студзеня будзе сапернічаць з прадстаўніцай Польшчы Магдай Лінет (45 ВТА). У гэтым каляндарным годзе пятая ракетка свету выйграла ўсе дзевяць матчаў, прычым выключна ў двух сэтах. Статыстыка выступу Сабаленкі на Australian Open – пяць перамог і 10-0 па сэтах пры толькі 26 прайграных геймах.

Серб Новак Джокавіч (5-ы нумар рэйтынгу АТП) выйшаў у паўфінал „Australian Open”. У матчы 1/4 фіналу балканец перайграў расейца Андрэя Рублёва (6 АТП) — 6:1, 6:2, 6:4. У паўфінале Джокавіч 27 студзеня згуляе з 35-й ракеткай свету амерыканцам Томі Полам.

Ірына Шымановіч выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Андрэзье-Бутэоне

Беларуска Ірына Шымановіч (229-ы нумар рэйтынгу ВТА) выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў французскім Андрэзье-Бутэоне. У матчы 1/16 фіналу яна перайграла чэшку Анету Лабуткову (451 ВТА) — 6:3, 6:4.

Ягор Шаранговіч дапамог „Нью-Джэрсі” даць рады ў авертайме з „Вегасам”

У рэгулярным чэмпіянаце НХЛ „Нью-Джэрсі” адолеў у авертайме „Вегас”. „Д’яблы” саступалі ў ліку пасля двух перыядаў, зраўнялі лічбы на табло за 70 секунд да заканчэння трэцяй дваццаціхвілінкі, а ў авертайме абаронца „Вегаса” Бэн Хатан парушыў правілы на беларускім форвардзе гаспадароў Ягоры Шаранговічы, атрымаў дзве хвіліны штрафу — і Дугі Хэмілтан закінуў пераможную шайбу – 3:2. Шаранговіч баламі па сістэме „гол + пас” не вызначыўся, запісаў у актыў два кідкі і адзін перахоп, завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці 0.

Аляксандр Наёк не плануе вяртацца ў чэмпіянат Украіны

30-гадовы ўкраінскі футбаліст Аляксандр Наёк не вернецца ва Украінскую Прэм’ер Лігу. Раней паведамлялася, што Наёк можа стаць гульцом адэскага „Чарнаморца”, аднак гэтага не здарыцца. Аляксандр зараз выступае за ізраільскі „Макабі” з Бнэй-Рэйне, але ў зімовае трансфернае акно пакіне каманду. Наёк разглядае варыянты ў чэмпіянатах Польшчы і Казахстана.

Беларускае Радыё Рацыя