Азаранка выйшла ў 1/8 фіналу турніру WTA у Дубаі



Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка святкавала другую перамогу на турніры катэгорыі WTA-1000 у Дубаі з прызавым фондам 2 мільёны 700 тысяч даляраў.

Сёння ў другім раундзе беларуска, якая займае 14-е месца ў сусветным рэйтынгу, перайграла амерыканскую тэнісістку Аманду Анісімаву, у якой 35-я пазіцыя, – 4:6, 6:4, 7:6 (7:5).

Складзены топ-10 самых перспектыўных тэнісістаў Беларусі

На сайце Bet News склалі топ-10 самых перспектыўных тэнісістаў Беларусі. У рэйтынг уключаны, у прыватнасці, Крысціна Дзмітрук і Яна Каладынска. Адзначаецца, што ў топ маглі трапіць толькі спартоўцы, якія нарадзіліся пасля 1 студзеня 2003 года.

„Дынама” правядзе апошні дамашні матч у рэгулярным чэмпіянаце КХЛ

Хакеісты менскага „Дынама” сёння правядуць заключны хатні матч у бягучым рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Супернікам мінчан стане чалябінскі „Трактар”. За лічаныя дні да заканчэння „рэгуляркі” абедзве каманды працягваюць весці барацьбу за пуцёўкі ў плэй-оф ад сваіх канферэнцый. У актыве „зуброў” 65 балаў і прахадное 8-е месца на Захадзе, адрыў ад „Спартака”, які ідзе 9-м, складае ўсяго адзін пункт. На рахунку чалябінцаў – 66 ачкоў, але толькі 10-я пазіцыя на Усходзе, адставанне „Трактара” ад зоны плей-оф – два балы. Апошняя сустрэча „Дынама” і „Трактара” ў рэгулярным сезоне стартуе на „Мінск-Арэне” ў 19.10.

„Шахцёр” згуляе з „Нафтанам” на старце 33-га чэмпіянату Беларусі

У Мірскім замку адбылося лёсаванне матчаў 33-га чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі Чэмпіёны краіны трох апошніх гадоў футбалісты салігорскага „Шахцёра” стартуюць хатнім матчам з наваполацкім „Нафтанам”, які вярнуўся ў элітны дывізіён. Срэбраны прызёр мінулага першынства сталічны „Энергетык-БДУ” прыме на сваім полі „Слуцк”. Уладальнік бронзавых узнагарод барысаўскі БАТЭ згуляе на выездзе з уладальнікамі Кубка Беларусі футбалістамі „Гомеля”.
Яшчэ адзін прэтэндэнт на медалі новага першынства мінскае „Дынама” сустрэнецца з „Іслаччу” з Мінскага раёна. Берасцейскае „Дынама” згуляе з жодзінскім „Тарпеда-БелАЗам”, ФК „Мінск” прыме мазырскую „Славію”, футбалісты „Смаргоні” згуляюць з бабруйскай „Белшынай”. Гарадзенскі „Нёман” прапускае першы тур. Матчы стартавага тура пройдуць 17-19 сакавіка, заключныя сустрэчы запланавана правесці 3 снежня.

Футбалісты „Ліверпуля” прымуць „Рэал” у 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў

Чарговыя сустрэчы першага раунда плэй-оф адбудуцца сёння ў футбольнай Лізе чэмпіёнаў. Дзеючы пераможца галоўнага кантынентальнага турніру, 14-разовы ўладальнік Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў мадрыдскі „Рэал” згуляе ў гасцях у фіналіста мінулага сезона англійскага „Ліверпуля”. У фінальным матчы папярэдняй Лігі чэмпіёнаў футбалісты „Рэала” адолелі ліверпульцаў з мінімальнай перавагай – 1:0. У іншым матчы 1/8 фіналу нямецкі „Айнтрахт” прыме ў Франкфурце лідэра чэмпіянату Італіі „Напалі”.

Беларускае Радыё Рацыя