„Барселона” рызыкуе другі год запар не выйсці з групы Лігі чэмпіёнаў
Каталонская «Барселона» прайграла міланскаму «Інтэру» ў трэцім туры групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў. Адзіны гол на другой даданай хвіліне першага тайма забіў турэцкі паўабаронца гаспадароў Хакан Чалханаглу. «Інтэр» набраў тры ачкі і абыйшоў у групе С «Барселону». Калі праз тыдзень „блауграна” не пераможа «нерадзуры» на Камп Ноу, яе далягляды будуць вельмі імглістымі. У гэтай жа «групе смерці» нямецкая «Баварыя» спакойна разабралася з чэшскай «Вікторыяй» 5:0 дзякуючы дублю Санэ і галам Манэ, Гнабры і Шупа-Матынга.
Футбалісты італьянскага „Напалі” святкавалі трэцюю перамогу. У гасцявым паядынку квартэта А неапалітанцы нечакана буйна абыгралі ў Амстэрдаме нідэрландскі „Аякс” – 6:1. Прапусціўшы мяч на 9-й хвіліне, госці затым поўнасцю завалодалі ініцыятывай і шэсць разоў забілі гаспадарам поля. Адзін з галоў на рахунку польскага нападніка Пятра Зялінскага. Ангельскі „Ліверпуль” перамог шатландскі „Глазга Рэйнджэрс” – 2:0 і ідзе другім у гэтай групе. У групе B бельгійскі «Бруге» нечакана абыграў мадрыдскі «Атлетыка» – 2:0 і ідзе на першым месцы, партугальскі „Порту” з такім жа лікам перамог нямецкі „Баер” – 2:0.
У групе D французскі „Марсэль” пасля двух стартавых паразаў здолеў абыграць партугальскі „Спортынг” 4:1. Нямецкі «Айнтрахт» і ангельскі «Тотэнхэм» згулялі ўнічыю 0:0.
„Гомель” разграміў „Брэст” у матчы беларускай хакейнай экстралігі
Трыма матчамі ў Берасці, Маладэчне і Гародні працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Хакеісты „Гомеля” на чужым лёдзе ўчынілі сапраўдны разгром „Брэсту” – 7:0, хет-трыкам у складзе гамяльчан вызначыўся Андрэй Феклістаў. У паралельным матчы „Дынама-Маладэчна” адолела „Магілёў” 3:2, тым самым працягнуўшы пераможную серыю да трох гульняў. У другім паядынку запар форвард маладэчанцаў Эдуард Грынь аформіў дубль. Яшчэ адна сустрэча адбылася ў Гародні, дзе мясцовы „Нёман” у заходнім дэрбі апынуўся мацней за „Ліду” – 4:3.
„Мінск” прайграў „Парме Пары” ў Адзінай лізе ВТБ
Баскетбалісты „Мінска” пацярпелі паразу ў першым матчы новага сезона Адзінай лігі ВТБ. На пляцоўцы менскага Falcon Club падначаленыя Расціслава Вергуна саступілі гасцям з пермскага клуба „Парма” 48:77. Свой наступны паядынак чэмпіёны Беларусі правядуць 8 кастрычніка ў Маскве супраць віцэ-чэмпіёнаў „банкаўскага” турніру баскетбалістаў ЦСКА.
Сасновіч выйшла ў 1/8 фіналу тэніснага турніру ў Астраве
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч пераможна стартавала на турніры катэгорыі WTA-500 у чэшскай Астраве з прызавым фондам 757 тысяч даляраў. У паядынку першага раунда беларуска перайграла ў двух сэтах прадстаўніцу Латвіі Алену Астапенку – 6:2, 6:2. Матч доўжыўся 1 гадзіну 13 хвілін. У гульні за трапленне ў чвэрцьфінал Аляксандра Сасновіч будзе супернічаць з казахстанскай тэнісісткай Аленай Рыбакінай.
Менскае „Дынама” згуляе супраць „Віцязя” ў матчы чэмпіянату КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” сёння, 5 кастрычніка, правядуць чарговы хатні матч у рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У саперніках – падольскі „Віцязь”. Каманды размяшчаюцца на суседніх радках табліцы Заходняй канферэнцыі КХЛ: менчане ідуць 7-мі, маючы 16 балаў, у „Віцязя” на ачко больш і 6-я пазіцыя пры гульні ў запасе. У мінулым сезоне „Дынама” і „Віцязь” правялі паміж сабой тры сустрэчы, два матчы ў Падольску завяршыліся перамогамі „бела-блакітных”, паядынак у Менску застаўся за супернікамі. Чарговае супрацьстаянне каманд стартуе на „Мінск-Арэне” ў 19.10 па беларускім часе.
Беларускае Радыё Рацыя