Беларусь – Малдова – 0:0
Чарговы матч у турніры футбольнай Лігі нацый правяла зборная Беларусі. На сваім полі яна прымала дружыну Малдовы і разышлася з ёй мірам 0:0.
У першым тайме было шмат сілавой барацьбы і зусім мала футбольнай думкі. За ўсю першую палову аніводная з каманд так і не здолела трапіць у рамку брамы.
Другая палова гульні была крыху весялейшай. Па-сапраўднаму голавы момант беларусы стварылі толькі на 71-й хвіліне, калі пасля ўдару Юрыя Кендыша малдаван уратаваў брамнік Кошалеў. На жаль, не атрымліваўся ў зборнай Беларусі розыгрыш стандартных сітуацый.
У заключнай чвэрці матчу супернікі абмяняліся „уколамі”. У самай канцоўцы Мікалай Сігневіч яшчэ трапіў у крыжавіну брамы. На тым і разышліся.
У гэтай жа групе Люксембург на сваім полі без праблем адолеў каманду Сан-Марына – 3:0.
Турнірнае становішча ў групе 2 дывізіёна D Лігі нацый зараз такое: 1. Люксембург – 9 ачкоў, 2. Беларусь – 8, 3. Малдова – 5, 4. Сан-Марына – 0.
Беларусам засталося згуляць у гэтым турніры яшчэ два матчы – на выездзе з Люксембургам і Сан-Марына.
Беларускае Радыё Рацыя