Беларускі прайгралі ірландкам на Еўрабаскеце



Баскетбалісткі юнацкай зборнай Беларусі пацярпелі другую паразу ў дывізіёне В першынства Еўропы ў Сафіі. У паядынку 5-га тура спаборніцтваў у папярэдняй групе В беларускі саступілі аднагодкам з Ірландыі з лікам 59:67. На старце турніру падначаленыя Вольгі Падабед перамаглі каманды Аўстрыі – 63:62, Албаніі – 104:24 і Вялікабрытаніі – 61:58, а затым прайгралі баскетбалісткам Партугаліі з лікам 33:53 і пакуль займаюць другое месца ў групе ўслед як раз за партугалкамі. Пасля завяршэння першага этапу барацьбу за тры пуцёўкі ў эліту еўрапейскага першынства працягнуць па дзве лепшыя каманды з чатырох груп.

Герасімаў прайшоў першы раўнд кваліфікацыі „US Open”

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў паспяхова стартаваў у кваліфікацыі чацвёртага ў сезоне турніру „Вялікага Шлема” – „US Open”. У першым раўндзе ён у дзвюх партыях нанёс паразу амерыканцу Стэфану Казлову – 6:4, 6:4. У наступным раўндзе Герасімаў згуляе з пераможцам супрацьстаяння Джэй Кларк (Вялікабрытанія) – Мітчэл Кругер (ЗША).

„Дынама” усухую прайграла „Ак Барсу”

У Рызе стартаваў Кубак Латвійскіх чыгунак, у якім удзельнічае і хакейны клуб «Дынама» Менск. У першым матчы „зубры” прайгралі «Ак Барсу» з лікам 0:3. Першую шайбу дынамаўцы прапусцілі ў самым канцы першага перыяду – у большасці ў казанцаў закінуў Лямкін. У другім перыядзе менская каманда прапусціла яшчэ дзве шайбы. Наступную гульню ў турніры каманда правядзе супраць «Аўтамабіліста» 22 жніўня.

Шаранговіч і Калячонак могуць вярнуцца ў склад „зуброў”

Менскае „Дынама” праяўляе цікавасць да нападніка „Бінгемтона” Ягора Шаранговіча, а таксама абаронцы „Флінта” Уладзіслава Калячонка. Па словах генеральнага дырэктара „зуброў” Дзмітрыя Баскава, клуб робіць усё, каб вярнуць таленавітых беларускіх хакеістаў у вядучы клуб краіны.

Ці ўзмоцняць Шаранговіч і Калячонак менскае „Дынама”, стане вядома ў бліжэйшы час, – паведамляе hockey.by.

Шаранговіч у сезоне 2018/ 19 выступаў за „Бінгемтан Дэвілз” у АХЛ. Форвард набраў 17 (9 + 8) ачкоў у 68 матчах пры 14 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці -17. Таксама Ягор правёў 5 матчаў за зборную Беларусі на чэмпіянаце свету ў Нур-Султане, у якіх закінуў адну шайбу пры паказчыку карыснасці -2. Калячонак у мінулым сезоне выступаў у хакейнай лізе Антарыё за „Лондан Найц” і „Флінт Файрбёрдс”. У 54 матчах абаронца набраў 30 (4 + 26) ачкоў пры 44 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці -22. На юніёрскім чэмпіянаце свету за зборную Беларусі Калячонак адзначыўся 5 (1 + 4) баламі ў пяці матчах пры 6 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці -5. Улетку на драфце НХЛ Уладзіслава ў другім раўндзе пад агульным 52-м нумарам выбрала „Фларыда”.

Уладзіміраў і Угніус пакідаюць склад „Нёмана”

Расейскі абаронца Арцём Уладзіміраў і форвард зборнай Літвы Угніус Чыжас пакінулі размяшчэнне „Нёмана”. Пра гэта паведамляе прэс-служба клуба. Уладзіміраў у Кубку Салея згуляў 8 матчаў і выніковымі дзеяннямі ня вызначыўся, а Чыжас аддаў адну выніковую перадачу ў 6-і праведзеных матчах. Чыжас перайшоў у клуб 1 жніўня, а Уладзіміраў падпісаў кантракт з клубам 22 траўня.

Сычоў не збіраецца вешаць буцы на цвік

Былы нападнік менскага „Дынама” Дзмітрый Сычоў паведаміў, што плануе працягнуць выступы на прафесійным узроўні.

„Яшчэ з футболам не развітаўся. Захаваем інтрыгу, але збіраюся працягваць на прафесійным узроўні. Зараз вядзем перамовы. Ужо магу рабіць бегавую працу. Калі на абследаванні скажуць, што ўсё добра, то прыступаю да трэніровак і ўжо буду весці перамовы”, – цытуе Сычова sports.ru са спасылкай на „Сычоў падкаст”. Сычоў выступаў за „Спартак”, „Лакаматыў”, „Марсэль” і менскае „Дынама”. У 2018 годзе паведамлялася, што ён завяршыў кар’еру футбаліста.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя