Беларускія футбалісткі дамагліся першай перамогі ў кваліфікацыі ЧС
Футбалісткі зборнай Беларусі здабылі першую перамогу ў адборачным турніры чэмпіянату свету-2019.
19 верасня ў Менску каманда Эдуарда Дземенкаўца адолела суперніц з Албаніі з мінімальнай перавагай – 1:0. Пераможны гол у самым пачатку другой палавіны сустрэчы забіла Настасся Шупа. У стартавым паядынку 2-й кваліфікацыйнай групы беларускі прайгралі ў гасцях камандзе Польшчы – 1:4.
У наступным туры роўна праз месяц зборная Беларусі прыме на сваім полі каманду Шатляндыі, якая яшчэ не ўступала ў барацьбу.
Адразу пуцёўкі ў фінальны турнір сусветнага першынства атрымаюць пераможцы сямі кваліфікацыйных груп. Чатыры лепшыя каманды з тых, што занялі другія месцы, прадоўжаць барацьбу за выхад у фінал у стыкавых матчах.
Фінальны турнір жаночага чэмпіянату планеты пройдзе летам 2019 года на футбольных арэнах Францыі. Беларускія футбалісткі яшчэ ні разу не прабіваліся ў лік удзельніц вырашальных стадый топ-турніраў.
Array