Беларускія гандбалісты захоўваюць шанцы на пуцёўку на Еўра
Гандбалісты зборнай Беларусі вырвалі нічыю – 22:22 у выязным паядынку супраць каманды Босніі і Герцагавіны і перад заключным турам кваліфікацыйнага турніру захоўваюць добрыя шанцы на пуцёўку ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы-2016.
Большую частку сустрэчы баснійцы вялі ў ліку, але за 11 хвілін да канца другога тайма шмат у чым дзякуючы геройству галкіпера менскага СКА Мацкевіча, беларусы здолелі аднавіць раўнавагу, а на 58-й хвіліне пасля кідка Дзяніса Рутэнкі нават выйшлі наперад.
Праўда, на перадапошняй хвіліне сустрэчы супернікі зарабілі права на пенальці і здолелі адыграцца. Нічыйны лік застаўся на табло да фінальнай сірэны. Гэта азначае, што лёс пуцёўкі на ЧЕ-2016 вырашыцца ў заключным туры кваліфікацыі. 14 чэрвеня зборная Беларусі ў менскім Палацы спорту пазмагаецца з камандай Літвы.
Беларусам пажадана перамагаць літоўцаў і спадзявацца на тое, што датчане не прайграюць дома баснійцам.
Чэмпіянат Еўропы пройдзе з 15 па 31 студзеня ў Польшчы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота pressball.by
Array