Беларускія валейбалісткі перамаглі Славакію ў заключным матчы групавой стадыі Чэмпіяната Еўропы
Беларускія валейбалісткі перамаглі зборную Славакіі ў заключным матчы групавой стадыі чэмпіянату Еўропы. Упартая гульня завяршылася з лікам 3:2 на карысць каманды Станіслава Салікава. Самай выніковай валейбалісткай матчу стала славачка Нікола Радосава, на рахунку якой 31 ачко. У Ганны Давыскібы – 25 пунктаў. Такім чынам, беларускі змаглі застацца на трэцім радку ў турнірнай табліцы групы С, зарабіўшы сем ачкоў пасля пяці сустрэч, і працягнуць турнірную барацьбу ў плэй-оф чэмпіянату Еўропы.
Аляксандра Сасновіч прайграла ў 1/4 фінале турніру ў Кліўлендзе
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч не змагла прабіцца ў паўфінал турніру ў амерыканскім Кліўлендзе з прызавым фондам 235 тысяч даляраў. У чвэрцьфінале беларуска сустракалася з румынкай Ірынай Бегу і саступіла ў двух партыях – 2:6, 4:6. Паядынак працягваўся 1 гадзіну 38 хвілін.
Футбалісты „Шэрыфа” згуляюць з „Рэалам”, „Інтэрам” і „Шахцёрам” у групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў
У турэцкім Стамбуле прайшло лёсаванне групавога этапу футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Дэбютант групавой стадыі галоўнага клубнага турніру Старога Свету чэмпіён Малдовы ціраспальскі „Шэрыф” трапіў у квартэт D, дзе яго супернікамі будуць мадрыдскі „Рэал”, міланскі „Інтэр” і данецкі „Шахцёр”. Чэмпіёны Украіны футбалісты кіеўскага „Дынама” выступяць у групе Е разам з мюнхенскай „Баварыяй”, іспанскай „Барселонай” і лісабонскай „Бенфікай”. Дзеючы пераможца Лігі чэмпіёнаў лонданскі „Чэлсі” згуляе ў квартэце Н разам з піцерскім „Зенітам”, турынскім „Ювентусам” і шведскім „Мальме”.
Склады астатніх груп чэмпіёнскай Лігі:
А – „Пары Сэн-Жэрмэн” (Францыя), „Бруге” (Бельгія), „Манчэстар Сіці” (Англія), „Лейпцыг” (Германія).
В – „Атлетыка” (Мадрыд, Іспанія), „Мілан” (Італія), „Ліверпуль” (Англія), „Порту” (Партугалія).
С – „Спортынг” (Лісабон, Партугалія), „Барусія” (Дортмунд, Германія), „Аякс” (Амстэрдам, Нідэрланды), „Бешыкташ” (Стамбул, Турцыя).
F – „Вільярэал” (Іспанія), „Манчэстар Юнайтэд” (Англія), „Янг Бойз” (Берн, Швейцарыя), „Аталанта” (Бергама, Італія).
G – „Ліль” (Францыя), „Севілья” (Іспанія), „Зальцбург” (Аўстрыя), „Вольфсбург” (Германія).
Матчы пройдуць з 14 верасня па 8 снежня. Вырашальны паядынак гэтага сезону адбудзецца 22 траўня ў Санкт-Пецярбурзе.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя