Беларусы засталіся без медалёў на чэмпіянаце свету па боксе
Беларускія баксёры з’едуць дадому без медалёў чэмпіянату свету-2023, які праходзіць у Ташкенце. Нягледзячы на ўзровень спаборніцтваў у сувязі з байкотам турніру шэрага краін, які значна ўпаў, нашы суайчыннікі не змаглі дабрацца нават да паўфіналу. Апошняй памерлай надзеяй стаў Аляксей Алфёраў, які саступіў у паядынку 1/4 фіналу расейц Імаму Хатаеву.
Лепшы нападнік мінулага сезона Betera-Экстралігі пагадзіўся на пераход у „Юнацтва”
Вячаслаў Іпатаў, які быў прызнаны лепшым нападнікам сезона-2022/23 у Betera-Экстралізе, даў згоду „Юнацтву” (пагаворваюць, з-за размяшчэння ў Менску), паведамляе тэлеграм-канал „Хакейнае варэнне”. „Нёман”, за які Іпатаў выступаў раней, не стаў прапаноўваць кантракт аднаму са сваіх лепшых форвардаў. У мінулай „рэгулярцы” расеец правёў 52 матчы за „Нёман” і набраў 54 (25+29) ачкі, пры карыснасці +26 і 23 хвілінах штрафу. У плэй-оф у яго 18 гульняў, 10 (3+7) ачкоў, карыснасць +5 і 6 хвілін штрафу. Па выніках сезона Іпатаў стаў другім бамбардзірам клуба і лепшым снайперам „Нёмана” з 28 шайбамі. Першае месца ён падзяліў з Германам Паддубным.
Спартоўцы „Сталіцы” прымуць БЧ у першым паўфінале чэмпіянату Беларусі па міні-футболе
На 34-м чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе стартуе паўфінальная стадыя. У першым матчы серыі за трапленне ў фінал дзейныя чэмпіёны краіны спартоўцы „Сталіцы” прымуць у спарткомплексе „Уручча” гасцей з гомельскага БЧ. Іх другая сустрэча адбудзецца 14 траўня ў Гомелі, а 18 траўня супернікі зноў згуляюць у Менску. У другой пары за выхад у фінал таксама будуць супернічаць мінчане і гамяльчане. Заўтра ў горадзе над Сожам згуляюць срэбраны і бронзавы прызёры мінулага першынства ВРЗ і ФК „Мінск”.
Барселона аб’явіла аб сыходзе з каманды Бускеца
„Барселона” афіцыйна паведаміла аб тым, што паўабаронца Серхіа Бускец вырашыў не падпісваць новы кантракт і па выніках гэтага сезона пакіне каманду. Гулец правёў у каталонскай камандзе 18 сезонаў, пачынаючы выступы з «Барселоны» B, якую трэніраваў Хасэп Гвардыёла. У першай камандзе Бускец дэбютаваў у 2008 годзе. Правёў за „Барселону” 718 матчаў, што з’яўляецца трэцім паказчыкам у гісторыі клуба. Выйграў 31 трафей, уключаючы 8 тытулаў Ла Лігі, 3 Лігі чэмпіёнаў, 7 Кубкаў Іспаніі, 7 Суперкубкаў Іспаніі, па 3 Суперкубкі УЕФА і Клубных чэмпіянату свету. Чакаецца, што 34-гадовы гулец пяройдзе ў адзін з клубаў Саудаўскай Аравіі.
Сабаленка сёлета зарабіла ўжо больш за чатыры мільёны даляраў
У 2023 годзе другая ракетка планеты беларуская тэнісістка Арына Сабаленка зарабіла 4 мільёны 287 тысяч 811 даляраў прызавых. Гэта падлічыў спартовы тэлеграм-канал „Дядя Ваня”.
На другім месцы ідзе казахстанская спартоўка 6 ракетка планеты Алена Рыбакіна, якая зарабіла 3 мільёны 230 тысяч 600. Раней Рыбакіна дагнала па даляравым паказчыку беларускую тэнісістку. Але перамога на турніры ў Мадрыдзе дазволіла Сабаленцы папоўніць свой рахунак больш як на 1,1 мільёна даляраў.
Ёкіч пабіў рэкорд легендарнага Уілта Чэмберлена
Сербскі цэнтравы „Дэнвера” Нікола Йокіч пабіў рэкорд легендарнага Уілта Чэмберлена па колькасці трыпл-даблаў у плэй-оф НБА сярод цэнтравых. Гэта здарылася пасля пятага матча паўфінальнай серыі Заходняй канферэнцыі з „Фініксам”. У Чэмберлена такіх трыпл-даблаў дзевяць, у Ёкіча іх зараз дзесяць. Нагадаем, у пятым матчы серыі з „Фініксам” Йокіч стаў самым выніковым гульцом у складзе абедзвюх каманд. На яго рахунку трыпл-дабл: 29 ачкоў, 13 падбораў і 12 выніковых перадач. «Дэнвер» вядзе ў серыі 3:2. Наступны матч серыі адбудзецца 12 траўня ў Фініксе.
Беларускае Радыё Рацыя