Польшча засталася ў групе А Лігі нацый УЕФА
Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі нічыёй завяршылі выступы на групавым этапе Лігі нацый УЕФА. У паядынку 6-га тура 3-й групы лігі С падначаленыя Георгія Кандрацьева ў сербскім горадзе Бачка-Тапола разышліся мірам з камандай Славакіі – 1:1. На працягу ўсёй сустрэчы славакі мелі вялікую перавагу, але лік адкрылі беларусы. У самым канцы першай паловы гульні пасля кутавога вызначыўся Іван Бахар. Пасля перапынку славацкія футбалісты правялі шмат атак, і на 65-й хвіліне матча Адам Зрэляк эфектным ударам забіў мяч у браму Максіма Плотнікава. Да гэтага беларусы набралі ўсяго два ачкі, згуляўшы ўнічыю з футбалістамі Азербайджана і Казахстана. Нацыянальная каманда не можа перамагчы ўжо ў 13 афіцыйных паядынках запар. Пакуль апошняя перамога беларусаў здарылася 27 сакавіка 2021 года над эстонцамі ў хатнім матчы кваліфікацыі чэмпіянату свету 4:2. Беларусам трэба будзе прыняць удзел у стыкавых паядынках за права застацца ў лізе С. Разам з імі згуляюць зборныя Літвы, якая напярэдадні саступіла камандзе Люксембурга 0:1 і і Гібралтара.
Галявая перадача Левандоўскага дапамагла Польшчы абыграць Уэльс у Лізе нацый
На стадыёне ў Кардыфе у матчы 6-га тура Лігі нацый УЕФА у Лізе А групы 4 сустракаліся зборныя Уэльса і Польшчы. Фінальны свісток зафіксаваў перамогу палякаў з лікам 1:0. Адзіны мяч у матчы быў забіты на 57-й хвіліне: вызначыўся Караль Свідэрскі з перадачы Роберта Левандоўскага. Зборная Польшчы набрала сем ачкоў і фінішавала ў групе 4 на трэцім месцы. Уэльс з адным ачком у шасці турах вылецеў на дывізіён ніжэй. У гэтай жа групе зборная Нідэрландаў перамагла каманду Бельгіі – 1:0. Адзіны мяч на 73-й хвіліне гульні забіў ван Дэйк.
Зборная Даніі перамагла каманду Францыі ў матчы заключнага тура групавога этапа Лігі нацый – 2:0 дзякуючы галам Дольберга і Ольсэна на 33-й і 39-й хвілінах гульні. Французы пазбавіліся шанцаў на выхад у фінальную стадыю турніру. Дзеючыя пераможцы Лігі нацый і чэмпіянату свету апынуцца ў другім кошыку лёсавання ЧЕ-2024. Першае месца ў групе заняла зборная Харватыі, якая перамагла Аўстрыю – 3:1.
Таксама адзначу сенсацыйную паразу туркаў у матчы са зборнай Фарэрскіх астравоў 1:2. Тым ня меньш туркі занялі першае месца ў сваёй групе С.
Футбалісткі „Дынама-БДУФК” вярнуліся ў лідары жаночага чэмпіянату Беларусі
Футбалісткі сталічнага „Дынама-БДУФК” вярнуліся на першае месца ў турнірнай табліцы жаночага чэмпіянату Беларусі. У хатнім паядынку 21-га тура чэмпіёнкі краіны сустрэлі ўпарты супраціў з боку дэбютантак нацыянальнага першынства спартовак „Смаргоні” і адкрылі лік толькі ў самым канцы першага тайма, калі Вікторыя Валюк рэалізавала пенальці. Пасля перапынку лік не змяніўся – 1:0.
„Дарожнік” перамог БЧ у чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе
Менскі „Дарожнік” пераможна пачаў выступы ў 34-м чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе. Шасціразовыя чэмпіёны краіны абыгралі на хатняй арэне гомельскі клуб БЧ з лікам 3:1. „Дарожнік” першы тур прапускаў, а гамяльчане ў мінулы ўік-энд разграмілі на сваёй арэне „Барысаў-900” – 10:1.
Таварыскія матчы. „Нёман” усухую разграміў берасцейскае „Дынама”
У рамках таварыскага матча гарадзенскі „Нёман” з буйным лікам 3:0 абыграў „Дынама Берасйце”. Гульня праходзіла на трэніровачнай базе „Чырвоны двор” без гледачоў у Берасці. Першы гол быў забіты Андрэем Якімавым ужо на першай хвіліне сустрэчы. Таксама ён стаў аўтарам дубля.
„Металург” у серыі булітаў адолеў „Магілёў”
Жлобінскі „Металург” у серыі булітаў перайграў „Магілёў” 3:2 у рамках Betera-Экстралігі. Адзіны ўдалы кідок у серыі булітаў атрымаўся ў форварда «ваўкоў» Мікіты Даўгапятава, менавіта ён прынёс жлабінчанам два балы, „Віцебск” на выездзе перамог „Брэст” 2:1. А гарадзенскі „Нёман” дзякуючы шайбам Вячаслава Андрушчанкі, Уладзіслава Мікульчыка, Паўла Ажгірэя і Арцёма Ляўшы перамог у Наваполацку мясцовы «Хімік” 4:1.
Шаранговіч закінуў шайбу ў двухбакоўцы за „Нью-Джэрсі”
У рамках перадсезоннай падрыхтоўкі да НХЛ „Нью-Джэрсі” правёў двухбаковы матч. Склад д’яблаў быў падзелены на дзве каманды: група „А” на чале з Джэкам Х’юзам, і група „В”, дзе капітаніў Ніка Хішыр. Беларускі форвард Ягор Шаранговіч выступаў за каманду „В” у першым звяне. У двухбакоўцы беларускі нападнік адзначыўся закінутай шайбай, а яго каманда перамагла ў авертайме – 4:3. Раней форвард вызначыўся дублем за каманду „В”, дзе тая выйграла 8:1. Першы афіцыйны матч новага сезона „д’яблы” правядуць 14 кастрычніка. А 27 верасня каманда Ліндзі Рафа пачне перадсезонныя спарынгі.
Хакейнае мінскае „Дынама” згуляе супраць „Металурга” ў матчы чэмпіянату КХЛ
Хакеісты сталічнага „Дынама” сёння правядуць другі матч выязной серыі падчас рэгулярнага чэмпіянату КХЛ. У суперніках – магнітагорскі „Металург”. Каманда з Магнітагорска набірае ачкі ў дзевяці матчах запар, прайграўшы ў асноўны час толькі адзін раз са старту сезона. У мінулым сезоне КХЛ каманды правялі паміж сабой два паядынкі. На сваім лёдзе падначаленыя Вудкрафта былі мацнейшыя 1:0, матч у Магнітагорску завяршыўся перамогай гаспадароў – 5:4.
Кіпчоге ўстанавіў новы сусветны рэкорд у марафонскім бегу
Кенійскі спартовец Эліуд Кіпчоге ўсталяваў новы сусветны рэкорд у марафонскім бегу, пабіўшы сваё ж дасягненне. На традыцыйным Берлінскім марафоне 37-гадовы бягун пераадолеў дыстанцыю 42 км 195 м за 2 гадзіны 1 хвіліну 9 секунд. Кіпчоге, які з’яўляецца двухразовым алімпійскім чэмпіёнам у марафоне, палепшыў сваё ж сусветнае дасягненне, таксама ўсталяванае ў Берліне ў 2018 годзе, роўна на 30 секунд. У Берлінскім марафоне прынялі ўдзел больш як 45,5 тысяч бегуноў са 157 краін свету.
Беларускае Радыё Рацыя