БАТЭ і „Нёман” упэўнена стартавалі ў чэмпіянаце
У паядынку стартавага тура чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе „Белшына” і „Дняпро” разышліся без забітых мячоў. „Гомель” узяў верх над „Арсеналам” – 2:1. „Гомель” паўтайму гуляў у меншасці. Барысаўскі БАТЭ ў Мазыры буйна абыграў „Славію” 3:0. „Іслач” прайграла „Слуцку” – 1:2. Берасцейскае „Дынама” згуляла ўнічыю з салігорскім „Шахцёрам” – на гол Дарбо на 67-й хвіліне, адказаў берасцеец Калмакоў – 1:1. Гарадзенскі „Нёман” упэўнена абыграў жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ – 2:0 дзякуючы галам Савіцкага і Грыбоўскага. „Энергетык”-БДУ перамог „Віцебск” – 3:1, а „Менск” прайграў сталічнаму „Дынаму” – 0:1.
„Тэрмаліка” з Паўлючэнкам згуляла ўнічыю з „Гурнікам”
У матчы 26-га тура чэмпіянату Польшчы „Тэрмаліка” ў Забжы з лікам 1:1 разышлася мірам з мясцовым „Гурнікам”. Браму гасцей усе 90 хвілін абараняў беларускі галкіпер Павел Паўлючэнка. У скарбонцы „Тэрмалікі” пасля гэтай нічыі стала 23 ачкі і яна засталася на апошнім, 18-м месцы ў турнірнай табліцы. У матчы 24-га тура трэцяга дывізіёна Польшчы „Лех-2” на сваім полі пацярпеў буйную паразу ад „Пагоні” Седльцэ 0:3. Беларускі паўабаронца гаспадароў Сяргей Крывец адыграў увесь матч. У турнірнай табліцы „Лех-2” размяшчаецца на 5-м месцы, маючы ў актыве 39 ачкоў.
„Барса” разнесла „Рэал” на „Бернабеу” – 4:0
„Рэал” буйна прайграў „Барселоне” 0:4 у 29-м туры Ла Лігі. На 29-й хвіліне лік адкрыў П’ер-Эмерык Абамеянг з перадачы Усмана Дэмбеле. На 38-й хвіліне Рональд Арауха забіў галавой з кутавога, асістэнтам зноў быў Дэмбеле. На 47-й хвіліне Феран Торэс давёў лік да разгромнага з перадачы Абамеянга, а на 51-й П’ер-Эмерык аформіў дубль. Лідар чэмпіянату Францыі „ПСЖ” пацярпеў буйную паразу ад „Манака” на выездзе 0:3. У 27-м туры чэмпіянату Германіі „баварцы” перамаглі „Уніянам” 4:0, а дортмундская каманда згуляла ўнічыю з „Кёльнам” 1:1. Адрыў «Баварыі» ад «Барусіі» ў турнірнай табліцы Бундэслігі павялічыўся да 6 ачкоў. „Манчэстэр Сіці” буйна абыграў у гасцях „Саўтгемптан” у матчы 1/4 фіналу Кубка Англіі па футболе – 4:1. „Чэлсі” на выездзе абыграў „Мідлсбра” 2:0, „Ліверпуль” абыграў „Нотынгем Форэст” 1:0.
„Цмокі-Менск” саступілі „Лакаматыву-Кубані”
Баскетбалісты „Цмокі-Менск” саступілі ў хатнім паядынку краснадарскаму клубу „Лакаматыў-Кубань”. Госці святкавалі перамогу з лікам 104:79. Самым выніковым гульцом беларускай каманды стаў Андрэй Стаброўскі, які запісаў на свой рахунак 17 ачкоў.
Ілля Усаў падпісаў трохгадовы кантракт пачаткоўца з „Тампай”
Беларускі форвард Ілья Усаў падпісаў трохгадовы кантракт навічка з „Тампай-Бэй”. Пра гэта паведаміў генеральны менеджэр клуба Жульен Брызбуа. У бягучым сезоне Усаў правёў 40 матчаў КХЛ у складзе мінскага „Дынама”, у якіх набраў 26 (9+17) ачкоў, стаўшы самым выніковым беларускім хакеістам лігі. „Тампа” – дзейны ўладальнік Кубка Стэнлі. Каманда з 84 набранымі баламі ідзе чацвёртай у табліцы Ўсходняй канферэнцыі НХЛ.
Іга Швёнтэк абыграла Марыю Сакару ў фінале турніру ў Індыян-Уэлс 6:4, 6:1. Полька выйграла пяты тытул WTA у кар’еры. Турнір у ЗША меў прызавы фонд больш за 8 мільёнаў 369 тысяч даляраў. 20-гадовая Швентэк займае чацвёртае месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA).
Шарль Леклер выйграў Гран-пры Бахрэйна
Пілот „Ферары” Шарль Леклер выйграў першую гонку сезона — „Гран-пры Бахрэйна”. Другое месца заняў яго напарнік па скудэрыі Карлас Сайнс. Замкнуў тройку гоншчык „Мэрсэдэса” Льюіс Хэмілтан. Чэмпіён свету-2021 Макс Ферстапен доўгі час ішоў на другой пазіцыі, але за некалькі кругоў да фінішу быў вымушаны сысці з-за праблем з балідам.
Беларускае Радыё Рацыя