Былы галкіпер зборнай Беларусі асуджаны на суткі
Былы галкіпер зборнай Беларусі Васіль Хамутоўскі, які асудзіў гвалт сілавікоў на пратэстах і з’ехаў з краіны пасля падзеяў 2020 года, прысуджаны 13 сутак адміністрацыйнага арышту за «экстрэмісцкі» рэпост, паведамляе тэлеграм-канал «Трыбуна».

Як паведамляе выданне, да адміністрацыйнага арышту былога брамніка нацыянальнай зборнай прыгаварылі за „перасылку матэрыялаў з тэлеграм-канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім”.
Нагадаем, Васіля Хамутоўскага затрымалі 30 верасня. На «пакаяным відэа», распаўсюджаным праўладнымі тэлеграм-каналамі, спартовец сказаў, што быў затрыманы за ўдзел у акцыях пратэсту. У якасці доказу яго „віны” былі апублікаваны выбарчы бюлетэнь з прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, дзе галачка стаіць насупраць прозвішча Святланы Ціханоўскай, а таксама фота са свабоднымі спартоўцамі.
Сілавікі паведамілі, што супраць Хамутоўскага ўзбуджана крымінальная справа.
Беларускае Радыё Рацыя