Былы старшыня ФК „Слуцк” знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе
Былому старшыні грамадскага аб’яднання „Спартыўны футбольны клуб „Слуцк” Алегу Каранеўскаму абраная мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова ў эфіры праграмы „Прычыны і вынікі” на „Альфа-радыё”.
Фігурант ідзе на кантакт са следствам, сказала прадстаўнік СК.
Паводле слоў Ганчаровай, зараз ажыццяўляецца збор доказнай базы, апытваюцца сведкі.
Каранеўскага затрымалі 5 верасня на праспекце Пераможцаў у Менску аператыўныя супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Ад дырэктара камерцыйнай арганізацыі старшыня СФК прыняў у якасці хабару 2.700 рублёў за спрыяльнае вырашэнне пытання аб забеспячэнні перамогі гэтай арганізацыі ў працэдуры закупкі, якая праводзіцца ГА.
У дачыненні да Каранеўскага ўпраўленнем Следчага камітэта па Менску распачатая і расследуецца справа на падставе ч. 1 арт. 430 КК (атрыманне хабару).
Каранеўскі пакінуў пасаду старшыні клуба 15 верасня са згоды бакоў.
belapan.by
Array