Чалядзінскі пакінуў пасаду трэнера менскага „Дынама”



Арцём Чалядзінскі пайшоў з пасады галоўнага трэнера менскага „Дынама”. Кіраўніцтвам клуба прынята рашэнне пра тое, што Чалядзінскі застаецца ў структуры „дынамаўцаў”, паведамляе прэс-служба. Пад кіраўніцтвам Чалядзінскага менскае „Дынама” заняло чацвёртае месца ў чэмпіянаце Беларусі, набраўшы 59 ачкоў. Раней стала вядома, што Вадзім Скрыпчанка і ўвесь яго трэнерскі штаб пакінулі ФК „Менск”. Верагодна, менавіта Скрыпчанка стане галоўным трэнерам „бела-сініх”.

БАТЭ завысіў цэннік на Арцёма Шуманскага

БАТЭ плануе зарабіць на трансферы 17-гадовага нападніка Арцёма Шуманскага каля 350-400 тысяч еўра, а таксама прапісаць у пагадненні бонусы за дасягненні мэт і працэнт з далейшага перапродажу. Як паведамляе крыніца, беларускі клуб хоча ажыццявіць прамы трансфер футбаліста, варыянты з арэндай пакуль не разглядаюцца. Атрымаўшы дадзеную інфармацыю, маскоўскі „Спартак” прыняў рашэнне адмовіцца ад актыўных перамоў па пераходзе гульца на такіх умовах. На рахунку Шуманскага 32 матчы за БАТЭ, у якіх ён забіў пяць галоў і зрабіў дзве выніковыя перадачы. Акрамя таго форвард выклікаўся ў юнацкія і маладзёжную зборныя Беларусі. Партал Transfermarkt ацэньвае рынкавы кошт гульца ў 75 тысяч еўра. Цікавасць да Шуманскага праяўляюць і іншыя расійскія клубы, аднак сам футбаліст пакуль не спяшаецца прымаць рашэнне аб пераходзе з БАТЭ ў іншую каманду.

„Віцебск” абыграў „Шахцёр” у матчы беларускай хакейнай экстралігі

У панядзелак трыма матчамі ў Менску, Віцебску і Гомелі працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. У цэнтральным паядынку вечара „Віцебск” сустракаўся з салігорскім „Шахцёрам”. За тры хвіліны да заканчэння трэцяга перыяду гаспадары „гарэлі” 0:2, але шайбы Уладзіслава Кавалевіча і Глеба Шкапцова перавялі матч у авертайм. Там камандам вызначыцца не ўдалося, а ў серыі булітаў віцябляне ўзялі сваё 3:2. Сталічнае „Юнацтва” на сваім лёдзе не пакінула шанцаў аўтсайдэру турніру „Магілёву” — 6:2. У яшчэ адным матчы панядзелка „Гомель” адолеў „Металург” 3:2, пераможная шайба на рахунку Алега Жалязнова. Такім чынам, пасля 26 гульняў сезона адзінаасобным лідэрам беларускай экстралігі стаў „Нёман”: у актыве гарадзенцаў серыя з васьмі перамог запар і 38 ачкоў. На пункт ад „Нёмана” адстае „Шахцёр”, трэці радок з 36 баламі дзеляць „Гомель” і „Віцебск”.

Беларускае Радыё Рацыя