Чэмпіёнам свету па футболе стала Аргенціна!
18 снежня ў Катары прайшоў фінальны паядынак футбольнага чэмпіянату свету. У вырашальным матчы зышліся дружыны Аргенціны і Францыі. На мінулым мундыялі якраз „трохкаляровыя” перайшлі дарогу паўднёвааамерыканцам, адолеўшы іх у драматычным спатканні з лікам 4:3 на стадыі 1/8 фіналу. Зараз жа „альбіселестэ” былі поўныя рашучасці заняць месца Францыі на каралеўскім троне.
Першы тайм прайшоў з выразнай перавагай Аргенціны, якая шмат камбінавала, тэхнічна распараджалася мячом, пазбавіўшы яго французаў. Дамінацыя „сярэбраных” увасобілася ў два забітыя мячы. Спярша Ліанэль Месі ўпэўнена рэалізаваў пенальці, а потым аргенцінцы правялі супершматхадоўку, якую завяршыў іншы ветэран – Анхель Дзі Марыя.

Ад адчаю трэнер Францыі Дідзье Дэшам нават не дачакаўшыся перапынку, зрабіў адразу дзве замены.
У другім тайме Аргенціна здавалася ўпэўнена кантралявала хаду гульні, магла забіць яшчэ, але не рэалізавала перавагу. У Францыі да 80-й хвіліны не было аніводнага ўдару па браме суперніка! Але спярша Атамендзі „арганізаваў” пенальці, які без ваганняў прызначыў польскі арбітр Шымон Марціняк. А праз хвіліну Мбапэ забіў ужо свой 7-ы мяч на турніры.

На 7-й даданай хвіліне да асноўнага часу Месі мог паставіць кропку ў гульні, але яго ўдар парыраваў Уга Льёрыс. Так сустрэча перайшла ў дадатковы час.
У дадатковыя таймы было вельмі горача. Урэшце Месі зноў вывеў Аргенціну наперад (7-ы гол на чэмпіянаце), але Францыя чарговы раз адыгралася з пенальці – зноў удалым быў Мбапэ, які з 8 галамі стаў лепшым бамбардзірам турніру.
У серыі пенальці зноў паказаў сваё бліскучае майстэрства брамнік Аргенціны Эміліяна Марцінес, парыраваўшы адзін удар, яшчэ раз французскія гульцы не трапілі па браме. Месі і кампанія рэалізавалі ўсе чатыры падыходы і ўрэшце перамаглі 4-2.
Аргенціна трэці раз у гісторыі (пасля 1978 і 1986 году) заваявала чэмпіёнскі тытул.
Аргенціна – Францыя – 3:3 (Ліанэль Месі, 23, з пенальці, 108, Анхель Дзі Марыя, 36; Кіліян Мбапэ, 80, з пенальці, 81, 118, з пенальці), па пенальці – 4-2.
Беларускае Радыё Рацыя