ЧС. Аргенціна стала першым фіналістам мундыялю
Першы паўфінальны паядынак катарскага мундыялю завяршыўся ўпэўненай перамогай зборнай Аргенціны над камандай Харватыі – 3:0.
„Альбіселестэ” правялі, бадай, найлепшы свой паядынак на гэтым чэмпіянаце і былі выразна настроены не даводзіць справу да дадатковага часу. А матч стаў чарговым бенефісам неўвядальнага Ліанэля Месі. На гэты раз ён адзначыўся рэалізаваным пенальці і шэдэўральным праходам з выніковым пасам. На яго рахунку цяпер 96 галоў за нацыянальную зборную і 11 мячоў у фінальных стадыях чэмпіянатаў свету.
Харваты глядзеліся да першага прапушчанага мяча досыць упэўнена, але гэта быў не іх дзень і час. Другі гол стаўся заслугай амаль выключна Хуліяна Альвараса, які з самага цэнтру поля дабег аж у штрафную суперніка, узяў у дапамогу некалькі адскокаў мяча і даслаў яго ў сетку.
У другім тайме паўднёваамерыканцы адчувалі сябе ўжо як рыба ў чыстай вадзе, трэці мяч у браму Лівакавіча „падрыхтаваў” Месі, які некалькі разоў „накруціў” на фланзе Гвардыёла і дапамог Альварасу аформіць дубль. „Шашачныя” заслугоўвалі на гол прэстыжу, але і гэта ім не ўдалося.
Аргенціна 6-ы раз у гісторыі згуляе ў фінале чэмпіянату свету, харваты пазмагаюцца за бронзу.
Аргенціна – Харватыя – 3:0 (Ліанэль Месі, 34, з пенальці, Хуліян Альварас, 39, 69).
14 снежня пройдзе другі паўфінал – Францыя – Марока.
Беларускае Радыё Рацыя