ЧС. Аргенціна зноў узняла свае стаўкі



Прынцыповае спатканне на мундыялі дружын Аргенціны і Мексікі яшчэ раз прадэманстравала значанне ролі асобы ў гісторыі. Ліанэль Месі зноў сказаў сваё вырашальнае важкае слова.

Мексіканцы большую частку матча паспяхова стрымлівалі атакі аргенцінцаў, дзеілі ў стылі італьянскага „катэначча”. Рэальных момантаў на поспех у „альбіселестэ” проста не было. А Месі „ацтэкі” проста не давалі дыхнуць. Але варта было даць вялікаму майстру адзін паўшанец – і ён далёкім стрэлам распячатаў браму Гільерме Ачоа. Толькі пасля гэтага аргенцінцы загулялі разняволена і ў іх стала нешта атрымлівацца. Праўда, другі гол стаў вынікам таксама індывідуальнага майстэрства. Гэта рэзервіст Энца Фернандэс нечакана наважыўся на ўдар і ён атрымаўся надзвычай эстэтычным.

Варта дадаць, што Месі, забіўшы свой 8-ы мяч на чэмпіянатах свету, не толькі дагнаў Крышціяну Раналду, але і сваіх суайчыннікаў – Гільерме Стабіле (ён гуляў у 1930-ых гадах) і Дыега Марадону – у іх таксама па 8. Рэкардсмен жа Аргенціны па-ранейшаму Габрыэль Батыстута – 10 галоў.

Аргенціна – Мексіка – 2:0 (Ліанэль Месі, 64, Энца Фернандэс, 87).

Сітуацыя ў групе С заблыталася ўшчэнт, усе чатыры дружыны захоўваюць шанцы на плэй-оф:

1.Польшча – 4 ачкі (розніца мячоў 2-0), 2. Аргенціна – 3 (3-2), 3. Савудаўская Арабія – 3 (2-3), 4. Мексіка – 1 (0-2). Вельмі імаверна, што пасля апошняга туру давядзецца лічыць розніцу мячоў.

30 лістапада. Польшча – Аргенціна, Савудаўская Арабія – Мексіка.

Беларускае Радыё Рацыя