ЧС. Бразілія „не заўважыла” Паўднёвую Карэю
У чарговым паядынку 1/8 фіналу футбольнага чэмпіянату свету інтрыга згасла занадта хутка, можна сказаць заўчасна. Многія спадзяваліся, што карэйцы дадуць бой пентакампеонам, але развязка выйшла банальнай. Нібы проста вяртанне Нэймара натхніла „селесао” на хуткія подзвігі. Сам Нэймар рэалізаваў пенальці – 7-ы гол на мундыялях. У першым тайме было шмат галоў і танцаў, а весялілася толькі адна дружына.
Другая палова сустрэчы пераўтварылася ў фармальнасць, бразільцы не сталі крыважэрнічаць, а карэйцы ўсё ж арганізавалі яркі гол у браму Алісана Бекера – першы прапушчаны мяч пентакампеонаў на гэтым турніры.
Бразілія – Паўднёвая Карэя – 4:1 (Вінісіус Жуніёр, 7, Нэймар, 13, з пенальці, Рышарлісан, 29, Лукас Пакета, 36; Пак Сенг Хо, 76.
У чвэрцьфінале Бразілія згуляе з Харватыяй.
Беларускае Радыё Рацыя