ЧС. Францыя другі мундыяль запар у фінале



Другі паўфінальны матч паміж зборнымі Францыі і Марка завяршыўся перамогай цяперашніх чэмпіёнаў свету – 2:0.

„Трохкаляровым” хутка ўдалося тое, што не змаглі зрабіць іншыя супернікі арабскай дружыны на гэтым турніры – ужо на 5-й хвіліне сустрэчы ў выніку экспрэсіўнай атакі каманды Дзідзье Дэшама Тэа Эрнандэс пераправіў мяч у сетку мараканцаў.

Тым самым зборная з Магрыбу ўпершыню была змушаная адыгрывацца. „Атласкія ільвы” перыядычна стваралі напругу ля валоданняў Уга Льёрыса, але лік на табло не мяняўся. Бліжэй да поспеху былі еўрапейцы, калі Аліўе Жыру трапіў мячом у штангу.

У другім тайме характар гульні быў прадказальным. Мараканцы пайшлі ва-банк і ў выніку французам удалася вырашальная контратака. Дргі гол – амаль поўнасцю заслуга Кіліяна Мбапэ, які здзейсніў эфектнае сола і выклаў мяч пад удар партнёру. Паўночнаафрыканцы змагаліся да канца, але гэта быў якраз той выпадак, калі верх узяў больш высокі клас аднаго з супернікаў.

Такім чынам зборная Францыі ў фінале згуляе з камандай Аргенціны. Прэтэндэнтаў на лепшага гульца турніру таксама засталося двох – згаданы Мбапэ і Ліанэль Месі.

Бронзу чэмпіянату разыграюць Харватыя і Марока.

Францыя – Марока – 2:0 (Тэа Эрнандэс, 5, Рандаль Муані, 79).

Беларускае Радыё Рацыя