ЧС. Канада дала годны бой Бельгіі



Апошняя сустрэча чарговага дня мундыяля ў сераду прынесла досыць супярэчлівыя ўражанні. Канада мінімальна саступіла Бельгіі – 0:1, але гэта бадай што першы матч на чэмпіянаце, калі лік не адлюстроўвае падзей на полі. Цяпер усім стала зразумела, чаму „клёнавыя лісты” занялі першае месца на сваім кантыненце ў адборавым турніры, апярэдзіўшы і ЗША і Мексіку.

Ужо на 10-й хвіліне Канада магла выйсці наперад, зарабіўшы пенальці. Аднак 11-мятровы Альфонса Дэвіс не рэалізаваў – Цібо Куртуа парыраваў яго ўдар. Праз 4 хвіліны судзейская брыгада магла прызначыць яшчэ адзін пенальці ў браму бельгійцаў, але памылкова вызначыла перад тым афсайд.

Выніковая статыстыка матчу па ўдарах: 22 на 9 (!) на карысць паўночнаамерыканцаў. І тым не менш адзіны гол у сустрэчы запісалі на свой баланс менавіта бельгійцы. Канада прайграла, але заслужыла сімпатыі многіх, пакуль у сэнсе гульні – гэта найбольшае адкрыццё чэмпіянату.

Бельгія – Канада – 1:0 (Мішы Батшуаі, 44).

У гэты ж дзень у сумным малавідовішчным спатканні з мінімумам вострых момантаў Харватыя не здолела пераадолець абарону Марока – 0:0.

Такім чынам становішча ў групе F пасля першага туру такое: 1. Бельгія – 3 ачкі; 2-3 Харватыя і Марока – па 1, 4. Канада – 0.

Беларуская Радыё Рацыя