ЧС. Харватыя адолела Японію і выйшла ў чвэрцьфінал
Чарговы матч 1/8 фіналу чэмпіянату свету безумоўна парадаваў інтрыгай і зместам нейтральных заўзятараў. Сустракаліся прыблізна роўныя на сёння па класе супернікі – Японія і Харватыя і ўрэшце дайшло да пасляматчавай серыі пенальці. У якой „шашачныя” чарговы раз выйшлі пераможцамі.
Героем сустрэчы стаў харвацкі брамнік Дамінік Лівакавіч, які парыраваў ажно тры ўдары апанентаў. Балканцы не рэалізавалі толькі адзін 11-мятровы з чатырох. Да пятых удараў справа не дайшла.
А цягам спаткання ўсё ішло для японцаў досыць аптымістычна. Нягледзячы на тэрытарыяльную перавагу харватаў, на 40-й хвіліне лік мог адкрыць Камада, але „перамудрыў”. Не паспелі еўрапейцы перавесці дух, як надышла новая хваля „цунамі” і японцы дамагліся свайго.
Пасля перапынку эфектным ударам галавы адзін з ветэранаў балканцаў Іван Перышыч параўняў лік. Далей ініцыятывай валодалі больш дасведчаныя харваты, але ім ужо бракавала сілаў. У такой сітуацыі трэнер сярэбраных прызёраў мінулага мундыялю Златка Даліч не пабаяўся замяніць сваіх лідараў – Кавачыча, Перышыча і нават Модрыча. Рэзервісты абедні не сапсавалі, а серыя пенальці толькі пацвердзіла рацыю трэнера. Напомнім, што на мінулым чэмпіянаце Харватыя па пенальці перамагла ў 1/8-й Данію, а ў 1/4-й – Расею. Зараз валявыя балканцы падоўжылі гэтую яркую серыю. А вось Японія і з чацвёртай спробы не прабілася ў чвэрцьфінал.
Японія – Харватыя – 1:1 (Дайдзэн Маэда, 43; Іван Перышыч, 55) па пенальці 1:3.
Беларускае Радыё Рацыя