ЧС. Харватыя выбіла Бразілію і выйшла ў паўфінал

Бразільцы шмат карнавалілі ў 1/8 фіналу і бальшыня лічыла іх фаварытамі ў гульні з харватамі. Але трэба ведаць характар балканцаў. „Шашачныя” зноў паказалі сябе каралямі пенальці і вырвалі вікторыю ў серыі пасляматчавых 11-мятровых.
Асноўны час сустрэчы завяршыўся без галоў. Бразільцы атакавалі, а еўрапейская каманда пераважна абаранялася. Асноўныя ж падзеі разгарнуліся ў дадатковыя таймы. На зыходзе першага даданага пентакампеоны разыгралі міні-футбольную камбінацыю і „слаламіст” Нэймар „засадзіў” мяч у сетку. Гэта быў яго ажно 77-ы гол за нацыянальную дружыну і ён дагнаў самога Пеле. Але галоўным героем Нэймар так і не стаў. Самым лепшым чынам вызначылася трыо з заграбскага „Дынама” – Дамінік Лівакавіч – першы прэтэндэнт на лепшага брамніка турніру, а Оршыч з Бруна Петкавічам арганізавалі гол у адказ. Пакуль бразільцы рыхтаваліся святкаваць, віцэ-чэмпіёны свету адыграліся пасля хвосткага ўдару Петкавіча і рыкашэту.
У серыі пенальці харваты рэалізавалі ўсе чатыры спробы, а бразільцы толькі дзве. Першы пенальці парыраваў Лівакавіч, а чацвёрты ўдар Маркіньяс „зарадзіў” у штангу. Такім чынам Харватыя зноў будзе з медалямі – мінімум бронзавымі, а Бразілія другі турнір запар выляцела на стадыі чвэрцьфіналу.
Харватыя – Бразілія – 1:1 (Бруна Петкавіч, 116; Нэймар, 105+1) па пенальці 4-2.
Беларускае Радыё Рацыя