ЧС. Першая суперсенсацыя турніру



Матч групы «С» паміж дружынамі Аргенціны і Савудаўскай Арабіі прынёс суперсенсацыю. Зборная трэнера Ліанеля Скалоне і Ліанеля Месі нечакана пацярпела паразу – 1:2.

У першым тайме аргенцінцы мелі каласальную перавагу – і мяч ажно чатыры разы пабываў у сетцы савудзітаў. Аднак залічылі толькі адзін – гол Ліанеля Месі з пенальці. Яшчэ тры разы бязлітасны VAR касаваў прыгожыя ўзяцці брамы (двойчы афсайд зафіксавалі ў Лаўтара Марцінеса і адзін раз у таго ж Месі).

А пасля антракту свет нібыта перавярнуўся. За сем хвілін арабы прывялі ў шок усю Аргенціну, забіўшы два мячы. За ўвесь матч два стрэлы па браме аргенцінцаў – і два галы!

Усе спробы «альбіселестэ» адыграцца сталіся марнымі. Рэальных момантаў параўняць лік было ўвогуле мала. Такім чынам арабы на час выйшлі ў лідары групы. А ўражвальная серыя зборнай Аргенціны без паразаў (36 матчаў!) перапынілася. Рэкордная серыя застанецца ў Італіі, якая не прайгравала 37 сустрэч запар. Тое ж, што Месі стаў рэкардсменам Аргенціны (забіваў ажно на 4-х мундыялях) і дагнаў Крышціяну Раналду па колькасці галоў у фінальнай стадыі (у абодвух цяпер па 7 мячоў), наўрад ці яго суцешыць.

Аргенціна-Савудаўская Арабія – 1:2 (Месі, 10, з пенальці: аш Шахры, 48, Аль-Дасары, 53).

Беларускае Радыё Рацыя