Дубль Мбапэ прынёс ПСЖ перамогу над „Ювентусам” у матчы Лігі чэмпіёнаў



Французскі футбольны клуб „Пары Сэн-Жэрмэн” з лікам 2:1 абыграў італьянскі „Ювентус” у матчы першага тура групавога этапа Лігі чэмпіёнаў. У складзе пераможцаў дубль аформіў Кіліян Мбапэ. У «Ювентуса» вызначыўся Уэстан Макені. У іншым матчы групы H партугальская „Бенфіка” з лікам 2:0 абыграла ізраільскі „Макабі”. У групе Е англійскі „Чэлсі” з лікам 0:1 на выездзе сенсацыйна прайграў харвацкаму „Дынама”, а аўстрыйскі „Зальцбург” згуляў унічыю з італьянскім „Міланам” 1:1. Дзеючы пераможца Лігі чэмпіёнаў іспанскі „Рэал” пачаў групавы этап з выязной перамогі над шатландскім „Селтыкам” 3:0, лепшы гулец мінулага турніру нападнік Карым Бензема быў заменены на 30-й хвіліне з-за траўмы. У іншай сустрэчы квартэта F украінскі „Шахцёр” абыграў „Лейпцыг” 4:1. У групе G ангельскі „Манчэстэр Сіці” на выездзе разграміў іспанскую „Севілью” 4:0, дублем адзначыўся нападнік Эрлінг Холанд, а дортмундская „Барусія” на хатняй арэне разграміла дацкі „Капенгаген” 3:0.

Беларускія футбалісткі паразай завяршылі адборавы турнір

Футбалісткі зборнай Беларусі прайгралі ў апошнім матчы адборавага турніру чэмпіянату свету 2023 года. У паядынку 8-га тура кваліфікацыйнай групы С падначаленыя Юрыя Малеева прайгралі ў кіпрскай Ларнацы Чэхіі з буйным лікам 0:7. У групе С беларускі набралі ў 8 матчах 7 ачкоў і занялі перадапошняе месца. Першае месца ў зборнай Нідэрландаў, якая набрала 17 ачкоў і на 6 апярэдзіла зборную Чэхіі, якая ў стыкавых матчах яшчэ пазмагаецца за пуцёўку ў Аўстралію і Новую Зеландыю, якія летам 2023 года стануць гаспадарамі планетарнага форуму.

Гардзяйчук прызнаны лепшым гульцом 20-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе

Міхаіл Гардзяйчук прызнаны лепшым гульцом і аўтарам самага прыгожага гола 20-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. Пасля серыі няўдалых гульняў футбалісты берасцейскага „Дынама”  набралі ачкі, перамогшы „Менск” з лікам 3:1. У гэтай сустрэчы капітан берасцейцаў Міхаіл Гардзяйчук быў адным з лепшых, аформіўшы галявы дубль. Пасля гэтай вікторыі дынамаўцы ўзняліся на 14-е месца ў турнірнай табліцы.

Валейбалісткі „Менчанкі” перамаглі на старце адкрытага Кубка Расеі

Валейбалісткі „Менчанкі” паспяхова правялі першы паядынак папярэдняга этапа адкрытага Кубка Расіі. У стартавым матчы 4-й зоны падначаленыя Сяргея Юркіна абыгралі ў Туле „Дынама” з сухім лікам 3:0. Сёння чэмпіёнкі Беларусі сустрэнуцца з краснадарскім „Дынама”.

„Дынама” згуляе ў  КХЛ з „Салаватам Юлаевым”

Сёння мінскае „Дынама” правядзе трэці матч чэмпіянату КХЛ. Беларуская каманда на „Менск-Арэне” прыме ўфімскі „Салават Юлаеў”. Пачатак паядынку ў 19.10 па беларускім часе. 10 шайб у двух матчах — самы выніковы старт мінскага „Дынама” ў чэмпіянатах КХЛ, у папярэдніх сезонах „зубры” закідвалі не больш за восем шайбаў. Між тым „Дынама” прайграла апошнія сем хатніх матчаў юлаеўцам. Апошняя перамога датуецца 8 снежня 2014 года з лікам 4:0.

Беларускае Радыё Рацыя