Два беларускія гульцы ў зборнай групавога этапа СЕХА-лігі
Па выніках шасці тураў „Дывізіёна Усход” гандбольной СЕХА-лігі вызначана сімвалічная зборная групавога этапа. У яе ўвайшлі гандбалісты з шасці клубаў, у тым ліку разыгрываючы „Мяшкоў Брэст” Валянцін Куран і левы крайні менскага СКА Уладзіслаў Крывенка.
Рудзік пакінуў „Смаргонь”
Паўабаронца Філіп Рудзік пакінуў „Смаргонь”. „У мінулым сезоне паўабаронца згуляў 14 матчаў ва ўсіх турнірах і набраў у іх 8 (4+4) ачкоў па сістэме „гол плюс пас”. Дзякуем Піліпу за час, праведзены ў клубе, і жадаем далейшых поспехаў!” — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы „Смаргоні”.
Рубен Бараха стаў галоўным трэнерам „Валенсіі”
Новым галоўным трэнерам іспанскай „Валенсіі” стаў Рубен Бараха. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт клуба. Спецыяліст раней узначальваў „Сарагосу”, „Тэнэрыфэ”, хіхонскі „Спортынг”, „Раё Вальякана” і „Эльчэ”. Бараха ў якасці гульца выйграваў з „кажанамі” чэмпіянат Іспаніі, Кубак УЕФА, Суперкубак Еўропы, Кубак Іспаніі, таксама даходзіў да фіналу Лігі чэмпіёнаў у 2001 годзе. У штаб 47-гадовага іспанца ўвойдзе яшчэ адна легенда клуба Карлас Марчэна.
У Парыжы і Мілане пройдуць першыя паядынкі 1/8 фіналу футбольнай Лігі чэмпіёнаў
Пасля чатырохмесячнага перапынку сёння, 14 лютага, адновяцца сустрэчы галоўнага клубнага футбольнага турніру Старога Свету – Лігі чэмпіёнаў.
У першым паядынку 1/8 фіналу ў Парыжы згуляюць адны з фаварытаў – французскі „Пары Сэн-Жэрмэн” і мюнхенская „Баварыя”. Чэмпіён Германіі ў групавым этапе апынуўся адзіным клубам, які святкаваў шэсць перамог у шасці гульнях. У іншым матчы італьянскі „Мілан” прыме на сваёй арэне англійскі „Тотэнхэм”. Яшчэ дзве сустрэчы стартавага этапа плэй-оф пройдуць заўтра: „Барусія” – „Чэлсі” і „Бруге” – „Бенфіка”.
„Мінск” згуляе ў Саратаве супраць „Аўтадора” ў Адзінай лізе ЗГБ
Баскетбалісты „Мінска” правядуць сёння 26-ы матч рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі ВТБ. У Саратаве падначаленыя Расціслава Вергуна сустрэнуцца з мясцовым „Аўтадорам”. У двух паядынках першага этапа саратаўская каманда двойчы абыграла менчан – 97:72 (у гасцях) і 88:77 (дома). Баскетбалісты „Аўтадора” ў 24 сустрэчах набралі 33 ачкі і займаюць 3-е месца ў групе В. У актыве „Мінска” 27 ачкоў, ён займае апошняе месца.
Б’ёрндален і тры нямецкія легенды ўведзены ў Залу славы IBU
У рамках чэмпіянату свету па біятлоне ў нямецкім Аберхофе адбылася цырымонія адкрыцця Залы славы Міжнароднага саюза біятланістаў (IBU). Прадстаўнікі Германіі Андрэа Хенкель, Каці Вільхельм і Свен Фішэр, а таксама нарвежац Уле-Эйнар Б’ёрндален сталі першымі біятланістамі, уведзенымі ў Залу славы IBU, паведамляе прэс-служба арганізацыі.
Б’ерндален, які з’яўляецца мужам праслаўленай беларускай спартоўкі Дар’і Домрачавай, – самы тытулаваны біятланіст у гісторыі: васьміразовы алімпійскі чэмпіён, 20-разовы чэмпіён свету, шасціразовы ўладальнік Кубка свету.
Хенкель – уладальніца Кубка свету, двухразовая алімпійская чэмпіёнка 2002 года і васьміразовая чэмпіёнка свету.
Вільхельм – першая ў гісторыі трохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне.
Фішар – чатырохразовы алімпійскі чэмпіён і сяміразовы чэмпіён свету.
Беларускае Радыё Рацыя