„Дынама” пацярпела гасцявую паразу ад ЦСКА
Хакеісты менскага „Дынама” ў гасцях прайгралі маскоўскаму ЦСКА ў чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату КХЛ. Лік быў адкрыты толькі на 37-й хвіліне сустрэчы: за гаспадароў закінуў Антон Слепышоў. Наступныя шайбы гледачы на „ЦСКА-Арэне” ўбачылі ўжо ў самым канцы: на гол „армейца” Паўла Карнаухава адказаў дынамавец Раян Спунэр. У „зуброў” заставалася крыху больш за дзве хвіліны, каб перавесці матч у авертайм, але зрабіць гэтага так і не ўдалося. У выніку 2:1 на карысць дзейных чэмпіёнаў КХЛ.
Параза ад ЦСКА стала для падначаленых Крэйга Вудкрафта сёмай у апошніх дзевяці матчах. «Дынама» з 22 баламі займае 9-е месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ, адстаючы ад зоны плэй-оф на адно ачко. Наступны паядынак у рамках выязной серыі мінчане правядуць у суботу ў гасцях у „Віцязя”.
„Машэка” саступіў „Зеніту” ў матчы SEHA-лігі
Гандбалісты магілёўскага „Машэкі” пацярпелі другую паразу на старце SEHA-лігі ў дывізіёне „Усход”. Магіляўчане прайгралі ў Санкт-Пецярбургу гандбалістам „Зеніта” з лікам 30:34. Таксама сёння ў папярэдняй групе А віцэ-чэмпіён Беларусі мінскі СКА на пляцоўцы спарткомплексу „Уручча” прыме гандбалістаў „Гомеля”.
Кіеўскае «Дынама» здабыла нічыю ў матчы з АЕКам, „Манчэстэр Юнайтэд” выйшаў у плэй-оф Лігі Еўропы
У рамках 5-га тура Лігі Еўропы адбыўся матч паміж кіеўскім „Дынама” і кіпрскім клубам АЕК. Каманды гулялі на стадыёне „АЕК Арэна”. Супрацьстаянне завяршылася з лікам 3:3. У канцоўцы матчу Дзяніс Гармаш аформіў дубль і здабыў нічыю для кіяўлян.
„Манчэстэр Юнайтэд” на стадыёне „Олд Трафард” святкаваў перамогу над малдаўскім „Шэрыфам” 3:0
Забітымі мячамі адзначыліся Дыёгу Далот, Маркус Рэшфард і Крышціяну Раналду. „Чырвоныя д’яблы” выйшлі ў плэй-оф турніру. У актыве «Юнайтэд» 12 ачкоў пасля пяці сустрэч, у «Шэрыфа», які знаходзіцца на трэцім радку, — тры ачкі. Першы радок займае іспанскі «Рэал Сасьедад», які абыграў кіпрскую «Амонію» 2:0 і таксама забяспечыў сабе выхад у плэй-оф.
„ПСВ Эйндховен” святкаваў перамогу над англійскім „Арсеналам” 2:0. Нідэрландскі клуб выйшаў у плэй-оф Лігі Еўропы, набраўшы 10 ачкоў пасля пяці праведзеных матчаў. „Арсенал” таксама прабіўся ў наступны раўнд, у яго актыве 12 ачкоў, ён узначальвае табліцу групы А.
Зборная Беларусі па пляжным футболе абыграла каманду ААЭ на зборах у Дубаі
Нацыянальная каманда Беларусі па пляжным футболе завяршыла вучэбна-трэніровачны збор у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. У заключным спарынгу наша каманда абыграла гаспадароў пляцоўкі зборную ААЭ з лікам 7:5. Хет-трыкам у складзе пераможцаў адзначыўся Мікіта Чайкоўскі, дубль у актыве Вадзіма Бакача, яшчэ па голу дадалі Іван Канстанцінаў і Ягор Гардзецкі. Такім чынам, нацыянальная каманда Беларусі па пляжным футболе завяршыла зборы ў Дубаі з дзвюма перамогамі і адной паразай.
Беларускае Радыё Рацыя