„Дынама” прайграла СКА ў пятым матчы серыі першага раунда плэй-оф КХЛ



Хакейнае менскае „Дынама” пацярпела трэцюю паразу ў серыі першага раунда плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі супраць СКА. Пяты матч серыі да чатырох перамог, да якога каманды падышлі з дзвюма вікторыямі ў актыве, адбыўся ў Санкт-Пецярбургу. Да незадавальнення мясцовай публікі, лік у матчы адкрылі госці – у сярэдзіне стартавай трэці вызначыўся Віталь Пінчук. Лідэрства „зуброў” аднак пратрымалася ўсяго паўтары хвіліны: спачатку Дзмітрый Яшкін зраўняў лічбы на табло, а незадоўга да перапынку Васіль Глотаў вывеў „армейцаў” наперад. У другім перыядзе падначаленыя Крэйга Вудкрафта чатыры разы заставаліся ў меншасці, але скарыстацца колькаснай перавагай пецябруржцы змаглі толькі аднойчы: дубль аформіў Яшкін. На старце заключнай трэці Седрык Пакет скараціў адставанне мінчан, але праз некалькі імгненняў Мікіта Гусеў вярнуў сваёй камандзе перавагу – 4:2. За восем хвілін да сірэны Дзмітрый Сакалоў закінуў трэцюю шайбу дынамаўцаў, але перавесці сустрэчу ў авертайм нашы гульцы не змаглі. Больш за тое, у канцоўцы гульні гаспадары двойчы закінулі ў пустую брамку, як вынік – 6:3 на карысць СКА. Такім чынам, хакеісты з Санкт-Пецярбурга зноў павялі ў серыі – 3:2. Ад выхаду ў паўфінал Заходняй канферэнцыі „армейцаў” аддзяляе ўсяго адна перамога, у „зуброў” права на памылку не засталося. Шосты паядынак у супрацьстаянні „Дынама” і СКА адбудзецца ў суботу на „Мінск-Арэне”, пачатак – у 17.10.

Кубараў звольнены з пасады галоўнага трэнера маладзёжнай зборнай Таджыкістана

Беларускі спецыяліст Алег Кубараў звольнены з пасады галоўнага трэнера маладзёжнай зборнай Таджыкістана.  „Маладзёжка” пад кіраўніцтвам Кубарава не змагла выйсці з групы на Кубку Азіі. Пры гэтым перад камандай стаяла задача дабрацца да паўфіналу і выйсці на маладзёжны чэмпіянат свету.

Анцілеўскі на правах арэнды стаў гульцом „Славіі”

Аляксей Анцілеўскі далучыўся да мазырскай „Славіі” на правах арэнды.

Хаўбек жодзінскага „Тарпеда-БелАЗ” падпісаў кантракт тэрмінам на адзін сезон. Анцілеўскі першы матч за „Тарпеда-БелАЗ” у Вышэйшай Лізе згуляў 13 сакавіка 2021 года супраць менскага „Дынама”. У ліпені 2021 года разам з клубам накіраваўся на кваліфікацыйныя матчы Лігі канферэнцый УЕФА. Выклікаўся летась Сяргеем Ясінскім у маладзёжную зборную Беларусі.

«Манчэстэр Юнайтэд» разграміў «Беціс» у Лізе Еўропы

У першым матчы 1/8 фіналу Лігі Еўропы „Манчэстэр Юнайтэд” разграміў іспанскі „Беціс” 4:1. Маркус Рашфард адкрыў лік у гульні на шостай хвіліне, гаспадары забілі хуткі гол.  Госці зраўнялі лік на 32-й хвіліне, зрабіўшы лік 1:1. Вызначыўся Аёсе Перэс.

Гаспадары выйшлі  наперад на 52-й хвіліне. Антані атрымаў мяч ад Бруна Фернандэша і выдатным ударам з 18 метраў закруціў мяч пад далёкую штангу. Затым у складзе манкуніянцаў галы на свой рахунак запісалі Бруну Фернандэш і Ваўт Вегорст.

Матч у адказ адбудзецца 16 сакавіка. У іншых матчых данецкі «Шахцёр» згуляў унічыю з «Феенордам» 1:1, “Ювентус” дзякуючы голу Анхеля Дзі Марыі абыграў «Фрайбург» 1:0, “Рома” была мацней за «Рэал Сасьедад» 2:0, «Спортынг» і «Арсенал» згулялі ўнічыю 2:2, “Севілья” перамагла «Фенербахчэ» 2:0, з такім жа лікам нямецкі «Баер» адолеў венгерскі «Ферэнцвараш», «Уніён» і «Юніён» згулялі ўнічыю 3:3.

Шыкаўка: на матч з „Легіяй” прыйшлі 18 тысяч

Беларускі легіянер „Кароны” Яўген Шыкаўка, які аформіў дубль у браму варшаўскай „Легіі”, расказаў аб наведвальнасці матчаў „Экстракласы”.

Матч з „Легіяй” наведалі 18 тысяч гледачоў, на іншых гульнях каманды збіраецца 5-6 тысяч. – Мы гуляем у футбол для заўзятараў. З гэтым тут поўны парадак. У сярэднім,  на  матчах збіраецца нават больш за 5-6 тысяч. Людзі прыходзяць сем’ямі, у поўным абмундзіраванні — у футболках, з шалікамі… Атмасфера сапраўды супер.

У Грэцыі таксама даволі моцны чэмпіянат. Ёсць топавыя каманды. У Польшчы атлетычны футбол, шмат прэсінгу і барацьбы. Гэта падмацоўваецца наяўнасцю моцных выканаўцаў. Толькі з боку можа падацца, што гулец з’ехаў з Беларусі і ў яго ўсюды лёгка атрымліваецца, – цытуе Шыкаўку ТК Bysport.

Беларускае Радыё Рацыя