ЕАК не пусціць беларускіх і расейскіх спартоўцаў на Еўрапейскія гульні
Еўрапейскія алімпійскія камітэты пацвердзілі, што не будуць пераглядаць сваё рашэнне наконт удзелу беларускіх і расейскіх спартоўцаў у Еўрапейскіх гульнях 2023 года, якія павінны адбыцца ў Польшчы.
«Як раней публічна пацвердзіў ЕАК у Кракаве ў лістападзе 2022 года, любы такі ўдзел немагчымы ў цяперашніх умовах. Расейскія і беларускія спартоўцы не прымуць удзел у Еўрапейскіх гульнях сёлета», – гаворыцца ў заяве.
Разам з тым ЕАК падтрымліваюць нядаўнюю рэкамендацыю МАК па допуску спартоўцаў з Беларусі і Расеі да міжнародных спаборніцтваў пры выкананні некалькіх умоў, у тым ліку адсутнасці публічнай падтрымкі вайны РФ супраць Украіны.
Ягор Шаранговіч перапыніў 13-матчавую безгалявую серыю
У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Нью-Джэрсі” на выездзе прайграў „Нэшвілу” з лікам 4:6. Беларускі форвард гасцей Ягор Шаранговіч закінуў адну шайбу. У 48 матчах цяперашняга сезона ў Шаранговіча зараз 22 (11+11) ачкі пры 10 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці „-2”.
Стэфанас Цыцыпас выйшаў у фінал „Australian Open”
Стэфанас Цыцыпас (4-ы нумар рэйтынгу АТП) выйшаў у фінал „Australian Open”, які праходзіць у Мельбурне. У паўфінальным паядынку грэк абыграў прадстаўніка Расіі Карэна Хачанава (20 АТП) — 7:6 (7:2), 6:4, 6:7 (6:8), 6:3.
Сербскі тэнісіст Новак Джокавіч выйшаў у фінал „Australian Open”, абгуляўшы ў 1/2 фіналу амерыканца Томі Пола — 7:5, 6:1, 6:2. Чэмпіён „Australian Open” узначаліць рэйтынг АТП, фіналіст стане трэцім.
Арбітр у Германіі выйграў справу аб дыскрымінацыі па ўзросце
Экс-арбітр ФІФА Мануэль Грэфе выйграў справу ў Германскага футбольнага саюза. Суд у Франкфурце-на-Майне прызнаў, што ў дачыненні да яго дапушчана дыскрымінацыя па ўзросце. Грэфе павінны выплаціць кампенсацыю. Арбітра вымусілі завяршыць кар’еру ў маі 2021 года. Да таго часу ён ужо перавысіў узроставы ліміт 47 гадоў, які фактычна існуе для нямецкіх рэферы. Пасля гэтага Грэфе пачаў судовую цяжбу з футбольнымі чыноўнікамі. Вільхельм Вольф, аб’яўляючы рашэнне суда, заявіў, што няма тлумачэнняў, чаму ўзроставы бар’ер 47 гадоў можа аказваць вырашальны ўплыў на кар’еру рэферы. Не існуе навуковых доказаў.
Беларускае Радыё Рацыя
