„Энергетык-БДУ” і „Днепр” згулялі ўнічыю ў матчы чэмпіянату Беларусі



Менскі „Энергетык-БДУ” не змог абыграць футбалістаў магілёўскага „Дняпра” у апошнім матчы 12-га тура чэмпіянату Беларусі. На полі сталічнага стадыёна „Алімпійскі” гаспадары выйшлі наперад у сярэдзіне першага тайма пасля дакладнага ўдару лепшага бамбардзіра першынства Бабіра Абдзіхолікава, які забіў свой 13-ы мяч. Аднак утрымаць перамогу мінчанам не ўдалося – на 67-й хвіліне гульні Раман Волкаў усталяваў канчатковы лік – 1:1. „Энергетык-БДУ” зноў стаў аднаасобным лідарам чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе.  Менская каманда набрала 26 ачкоў. Другі радок у турнірнай табліцы займае менскае „Дынама” — 25 ачкоў  БАТЭ толькі на трэцім месцы — 24 ачкі, але ў барысаўчан матч у запасе. У 13-м туры 3 ліпеня БАТЭ сустрэнецца з „Энергетыкам-БДУ”.

Гулец юніёрскай зборнай Беларусі падпісаў кантракт з клубам 5-га дывізіёна Іспаніі

Абаронца футбольнага клуба „Іслач”, які займае 5-е месца ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі, Глеб Крыўцоў падпісаў кантракт з клубам „Атлетык Тарэляна”, які выступае ў пятым дывізіёне чэмпіянату Іспаніі. Як паведамляе прэс-служба беларускага клуба, Крыўцоў чатыры гады знаходзіўся ў структуры клуба з Мінскага раёна. Спачатку выступаў за юнацкую каманду свайго ўзросту на „ліцэнзаванні”, затым стаў асноўным гульцом у дублюючым складзе. За ўвесь перыяд правёў 35 матчаў у турніры дублёраў, у якіх забіў 4 галы і аддаў 4 перадачы. Таксама Крыўцоў некалькі разоў трапляў у заяўку на матчы вышэйшай лігі. Таксама 18-гадовы футбаліст выклікаўся ў юніёрскую (U-19) зборную Беларусі на таварыскія матчы, а таксама прыняў удзел у адборавым этапе ЧЕ-2022, які праходзіў у Венгрыі.

„Рома” адмовілася гуляць з „Барселонай” у матчы за Кубак Гампера

„Рома” без тлумачэння прычын адмовілася гуляць у матчы за Кубак Жаана Гампера, у якім павінна была сустрэцца з „Барселонай”, Як паведамляе Marca, каманды павінны былі разыграць трафей 6 жніўня на стадыёне „Камп Ноў”. Планавалася, што адна з адной згуляюць мужчынскія і жаночыя каманды „Барселоны” і „Ромы”. Аднак „Рома” ў аднабаковым парадку адмовілася ад узгодненага клубамі кантракта на ўдзел у Кубку Жаана Гампера. Каталонцы зараз шукаюць новага саперніка. Юрыдычны аддзел „Барселоны” вывучае магчымасць падачы судовай позвы супраць „Ромы” з мэтай кампенсацыі ўрону. Кубак Жаана Гампера — футбольны таварыскі турнір, які штогод арганізуецца футбольным клубам „Барселона” і быў названы ў гонар прэзідэнта-заснавальніка „Барселоны”.

ХК „Дынама-Шыннік” стаў фарм-клубам менскага „Дынама”

Менскае „Дынама” і прадстаўнік Беларусі ў Маладзёжнай хакейнай лізе „Дынама-Шыннік” з Бабруйска падпішуць дамову пра супрацоўніцтва. У наступным сезоне клубы будуць цесна ўзаемадзейнічаць, паведамляецца на афіцыйным сайце „зуброў”. Генеральны дырэктар мінскага „Дынама” Сяргей Сушко, каментуючы тое, што „Дынама-Шыннік” будзе фарм-клубам „зуброў”, адзначыў: – З’яўленне беларускай каманды ў Маладзёжнай хакейнай лізе адкрые яшчэ большыя магчымасці для моладзі. Бо зараз у  краіны з’явіўся свой клуб у адной з наймацнейшых моладзевых ліг не толькі Еўропы, але і свету. У Бабруйску змогуць рыхтаваць рэзерв у вельмі канкурэнтных умовах, дадаў Сушко.

У маючым адбыцца сезоне „Дынама-Шыннік” выступіць у Маладзёжнай хакейнай лізе Расеі ў дывізіёне „Срэбраны”.

Беларускае Радыё Рацыя