Еўрапейская федэрацыя гандбола „забаніла” Беларусь і Расею



Еўрапейская федэрацыя гандбола адхіліла Беларусь і Расею ад удзелу ў турнірах пад сваёй эгідай. На будучыя матчы не змогуць таксама вылучацца суддзі і афіцыйныя асобы з Беларусі і Расеі. Рашэнне прынята зыходзячы з нападу Расеі на Украіну і ўдзелу Беларусі ў гэтай агрэсіі. Раней МАК рэкамендаваў арганізатарам спаборніцтваў не дапускаць спартоўцаў з Беларусі і Расеі да ўдзелу ў спаборніцтвах.

ФІФА і УЕФА выключылі Расею з усіх міжнародных турніраў

ФІФА і УЕФА выключылі расейскія футбольныя каманды з усіх міжнародных турніраў. Гаворка ідзе як пра нацыянальную зборную, так і пра ўдзел клубаў у еўракубках. УЕФА таксама вырашыла разарваць кантракт з „Газпрамам”. Паводле розных ацэнак, ад супрацы з „Газпрамам” УЕФА атрымлівала да 40 мільёнаў еўра за год. Рашэнне было прынятае пасля ўварвання Расеі ва Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

Валерый Грамыка заключыў кантракт з БАТЭ

Кантракт з БАТЭ на правах свабоднага агента падпісаў хаўбек Валерый Грамыка. Пагадненне разлічана да канца будучага сезона, паведамляе прэс-служба барысаўчан.

Летам мінулага года Грамыка быў узяты БАТЭ ў арэнду ў расейскага „Арсенала” з Тулы. У мінулым чэмпіянаце Беларусі за „жоўта-сініх”  паўабаронца правёў 8 матчаў, забіў 2 галы і аддаў 1 выніковую перадачу.

Радзівон Сямук і Уладзіслаў Крывіцкі сталі гульцамі берасцейскага „Дынама

Склад берасцейскага „Дынама” папоўнілі брамнік Радыён Сямук і цэнтральны абаронца Уладзіслаў Крывіцкі. Пагадненне Сямука разлічана да канца года, тады як Крывіцкі падпісаў кантракт на адзін год з опцыяй падаўжэння яшчэ на адзін, – перадаюць сацсеткі берасцейцаў.

Абодва гульцы далучыліся да берасцейцаў пасля праглядальнага перыяду. Новы брамнік „Дынама” правёў усе дзевяць таварыскіх гульняў падчас перадсезонных збораў, тады як абаронца прыбыў у размяшчэнне каманды толькі ў сярэдзіне лютага.

Апошнім клубам Сямука быў расейскі „Тамбоў”, за які ён выступаў на працягу 2021 года. Раней галкіпер таксама прадстаўляў такія каманды, як „Тарпеда”-БелАЗ, „Славія”, „Граніт”, „Смаргонь” і „Хваля”. Характэрна, што кар’ера 32-гадовага футбаліста пачалася ў „Дынама-Берасце”, дзе ў перыяд з 2008 па 2011 гады ён прыняў удзел у чатырох матчах.

Крывіцкі на працягу апошніх двух гадоў гуляў за казахстанскі „Кыран”. У Беларусі ў розны час ён абараняў колеры „Энергетыка”-БДУ, „Граніта”, „Тарпеда” (Менск) і „Менска”.

Аляксей Шпілеўскі стаў галоўным трэнерам кіпрскага „Арыса”, дзе гуляе Яўген Яблонскі.

Беларускі футбольны спецыяліст Аляксей Шпілеўскі стаў галоўным трэнерам кіпрскага клуба „Арыс” з Лімасола.

Кіраўніцтва „Арыса” прадставіла Шпілеўскага ў гэтай якасці на афіцыйнай прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў сталіцы Кіпра Лімасоле. У гэтым клубе выступае беларускі гулец Яўген Яблонскі.

Раней Шпілеўскі кіраваў „Кайратам” з Алма-Аты. Пры ім каманда ўпершыню за 16 сезонаў стала чэмпіёнам Казахстана.

Качура пракаментаваў ад’езд гульцоў з Чэмпіяната Беларусі

Беларускі футбольны трэнер і эксперт Пётр Качура паведаміў, як ставіцца да масавага ад’езду беларускіх футбалістаў за мяжу ў не самыя моцныя клубы. „Сітуацыя дваякая. Калі заняцца вызначэннем прычын адтоку гульцоў з чэмпіянату Беларусі, які назіраецца, то ўсё на паверхні. Кіраўніцтва БФФ і міністр спорту вырашылі скараціць сродкі, якія расходуюцца клубамі ў ранейшыя гады, амаладзіць каманды, усталяваць зарплатныя ліміты. Зразумела, проста глядзець на гэта футбалісты, чый час актыўнай кар’еры абмежаваны, не сталі і рушылі ў расійскія лігі і іншыя замежныя чэмпіянаты. З аднаго боку, гэта пойдзе на карысць маладым хлопцам, таму што такая вымушаная неабходнасць з’язджаць можа прымусіць іх больш сур’ёзна ставіцца да сваёй прафесіі.  Але трэба сказаць і пра адваротны бок медаля.  маладым хлопцам даюць дарогу ў вялікі футбол авансам, раней часу. Пра якую здаровую канкурэнцыю можа ісці гаворка? Футбалісты, якія адправіліся за мяжу, застануцца ў выйгрышы. Будуць выступаць у добрых чэмпіянатах. Зборная таксама апынецца ў плюсе. А што да  ўнутранага турніру… Самі разумееце”, – адзначыў Пётр Качура.

Гудачак распавёў пра жаданне легіянераў сысці з мінскага „Дынама”

Славацкі гулец менскага „Дынама” Лібар Гудачак заявіў, што ўсе легіянеры беларускага клуба жадаюць пакінуць каманду.

„Апынуліся ў цяжкай сітуацыі. У камандзе шмат легіянераў, усе яны хочуць сысці. Знаходзімся ў Санкт-Пецярбургу, так што альтэрнатывы палёту дадому праз Хельсінкі ці Літву няма.
Нават калі сыдзем,КХЛ усё роўна працягне гуляць. Мы паглядзім, што адбудзецца ў найбліжэйшыя некалькі гадзін і ці далучыцца ІІХФ да ўсяго гэтага”, — сказаў Лібар у інтэрв’ю Sportnet.

Першы матч менскага „Дынама” і СКА запланаваны на 2 сакавіка ў Санкт-Пецярбургу.

Беларускае Радыё Рацыя