Фалей і Дуброўскі выйгралі зімовы чэмпіянат Беларусі па тэнісе



У менскім Палацы тэніса завяршыўся зімовы чэмпіянат Беларусі, у якім прынялі ўдзел амаль 140 тэнісістаў.
У жаночым адзіночным разрадзе пераможцай стала Алена Фалей, якая ў вырашальным паядынку адолела Дар’ю Хамуцянскую — 4:6, 6:1, 7:6 (7:3). Другі чэмпіёнскі тытул Алена Фалей заваявала ў спаборніцтвах змяшаных пар. У фінале разам з Эрыкам Аруцюнянам яна абыграла Ксенію Ярш і Міхаіла Дуброўскага — 6:4, 7:6 (7:5). Варвара Бярновіч і Соф’я Гапанькова выйгралі жаночы парны турнір, перамогшы Ксенію Ярш і Юлію Перапехіну — 6:3, 3:6, 10:4.
У мужчын у адзіночным разрадзе золата заваяваў Міхаіл Дуброўскі, які абыграў Аляксандра Калініна – 6:4, 6:4. У парным разрадзе лепшым апынуўся тандэм Эрык Аруцюнян / Данііл Астапенкаў, які ўзяў верх над дуэтам Аляксандр Згіроўскі / Аляксандр Леаненка — 6:4, 7:5.

Дзяржынскі „Арсенал” пачаў трэніроўкі

Дзяржынскі „Арсенал” выйшаў з адпачынку і правёў першую трэніроўку ў новым годзе. Пад кіраўніцтвам Сяргея Паўлюковіча і новага трэнерскага штаба ў занятку прынялі ўдзел 22 футбалісты.
З леташняга складу ў трэніроўцы ўдзельнічалі Арцём Сарока, Антон Абрамовіч, Руслан Мялкоўскі, Станіслаў Атрашкевіч, Арцём Міраеўскі, і Дзмітрый Мацяш. А таксама хлопцы з дубля: Яраслаў Ключнік, Павел Міхайлаў, Самуэль Віўдзенка і Даніла Стаін.
На гэтым тыдні каманда будзе займацца ў рэжыме аднаразовых трэніровак. У суботу запланаваны спарынг супраць „Смаргоні”.

„Хімік” растаўся з расейскім абаронцам

Наваполацкі „Хімік” паводле пагаднення бакоў разарваў кантракт з расейскім абаронцам Русланам Трубкіным. У гэтым сезоне за асноўную каманду „Хіміка” абаронца Трубкін згуляў 24 матчы і зарабіў 5 (2+3) выніковых балаў пры паказчыку карыснасці „-3”. За „Хімік” расейскі гулец выступаў трэці сезон.

ФІДЭ плануе аб’явіць месца правядзення матчу за сусветную карону

Міжнародная шахматная федэрацыя (ФІДЭ) мае намер аб’явіць месца правядзення матчу за сусветную шахматную карону 20 студзеня.
ФІДЭ разгледзеў заявы, якія паступілі, на права правядзення матчу і ў цяперашні час галасуе за найбольш прыдатны варыянт. Кантракт з прымаючым бокам, хутчэй за ўсё, будзе падпісаны ў пятніцу, 20 студзеня. Матч за сусветную шахматную карону пройдзе з 7 па 30 красавіка. У паядынку прымуць удзел расейскі гросмайстар Ян Няпомняшчы і Дын Ліжэнь з Кітая. Дзеючы чэмпіён свету Магнус Карлсэн адмовіўся гуляць матч за сусветную карону.

Беларусь і Расея адсутнічаюць у спісе краін-вяшчальнікаў Алімпійскіх гульняў

Міжнародны алімпійскі камітэт анансаваў эксклюзіўную перадачу правоў на трансляцыі Алімпійскіх гульняў у перыяд з 2024 па 2032 гады для еўрапейскага рэгіёна.
Тэндэр на вядзенне бясплатнай кабельнай трансляцыі атрымаў Еўрапейскі Вяшчальны Саюз (ЕВС), а правы на паказ Алімпійскіх гульняў з дапамогай платных стрымінгавых сэрвісаў дасталася кампаніі Warner Bros. Discovery. Удакладняецца, што правы распаўсюджваюцца на 49 краінаў Еўропы. На дадзены момант, толькі Беларусь і Расея застаюцца без магчымасці паказу летніх Алімпійскіх гульняў-2024 у Парыжы, зімовых Алімпійскіх гульняў-2026 у Мілане і Корціне, летніх Алімпійскіх гульняў-2028 у Лос-Анджэлесе і зімовых Алімпійскіх гульняў-2030 у Брысбене. Дырэктар тэлеканала „Беларусь 5” Павел Булацкі не стаў каментаваць перадачу правоў на паказ Алімпійскіх гульняў на карысць Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза.

Беларускае Радыё Рацыя