Флік застаўся на пасадзе галоўнага трэнера зборнай Германіі



Галоўны трэнер зборнай Германіі Ханс-Дзітэр Флік застаўся на сваёй пасадзе. Перад ім пастаўлена задача ўдалага выступу на чэмпіянаце Еўропы-2024, паведамляецца на сайце Нямецкага футбольнага саюза.
Раней Нямецкі футбольны саюз адправіў у адстаўку генеральнага менеджэра зборнай Германіі Олівера Бірхофа. На чэмпіянаце свету ў Катары зборная Германіі не змагла выйсці ў плэй-оф, заняўшы ў групе „Е” 3-е месца. Чэмпіянат Еўропы па футболе 2024 года, нагадаю, пройдзе ў Германіі.

Камароўскі змяніў Радзькова на пасадзе галоўнага трэнера ФК „Іслач”

Дзмітрый Камароўскі стаў галоўным трэнерам футбалістаў „Іслачы”. Ён змяніў на гэтай пасадзе Арцёма Радзькова. Кантракт з 36-гадовым беларускім спецыялістам падпісаны на адзін год. Дзмітрый Камароўскі гуляў у складзе „Іслачы” з 2016 па 2021 год, а затым быў памочнікам Арцёма Радзькова ў трэнерскім штабе каманды з Мінскага раёна.
У мінулым сезоне „Іслач” заняла 5-е месца ў чэмпіянаце Беларусі, пасля чаго Арцём Радзькоў быў прызнаны лепшым трэнерам мінулага нацыянальнага першынства.

Ахмедзі падоўжыў кантракт з салігорскім „Шахцёрам”

Албанскі паўабаронца Валон Ахмедзі прадоўжыў кантракт з салігорскім „Шахцёрам” на два гады. Ахмедзі далучыўся да „Шахцёра” перад сезонам-2021. На гэты момант хаўбек у 62 афіцыйных матчах забіў 6 галоў і зрабіў 13 выніковых перадач, чым унёс важкі ўклад у заваяванне двух запар чэмпіёнскіх тытулаў і Суперкубка Беларусі-2021.

Баскетбалісткі „Гарызонта” і „Алімпіі” перамаглі ў матчах чэмпіянату Беларусі

На жаночым чэмпіянаце Беларусі па баскетболе адбыліся сустрэчы чарговага тура. Дзеючыя чэмпіёнкі краіны баскетбалісткі „Гарызонта” ўпэўнена перайгралі на сваёй пляцоўцы „Гомельскіх рысяў” 90:57. У гарадзенскім дэрбі „Алімпія” разграміла „Вікторыю” – 101:34. У актыве баскетбалістак „Гарызонта” і „Алімпіі” стала па 23 ачкі, трэцім ідзе „Мінск”, у якога на адзін бал меньш пасля 12 праведзеных сустрэч.

Ігнаценка і Міхалёў далучыліся да мінскага „Дынама”

Форварды Ягор Ігнаценка і Міраслаў Міхалёў далучыліся да мінскага „Дынама”. З пачатку сезона нападнікі выступалі за „Дынама-Шыннік” у МХЛ. Ягор Ігнаценка правёў 28 матчаў, набраўшы 15 (3+12) ачкоў пры паказчыку карыснасці „-1”. Міраслаў Міхалёў згуляў 27 сустрэч і набраў 27 (15+12) балаў пры паказчыку карыснасці „+4”. Абодва ў складзе „зуброў” гулялі на перадсезонным турніры ў Сочы, дзе іх адзначаў галоўны трэнер, перадае прэс-служба „зуброў”.

Кульбакоў прызнаны найлепшым гульцом матча ЦСКА — „Тарпеда”

Беларускі галкіпер „Тарпеда” Іван Кульбакоў святкаваў 16-ю перамогу ў сезоне КХЛ і быў названы лепшым гульцом матча супраць ЦСКА, які яго каманда выйграла 4:2. Узнагароду брамнік аддаў трэнеру каманды, паведамляе прэс-служба ФХБ. Беларускі галкіпер здзейсніў 44 сэйвы ў матчы з „армейцамі”. Кульбакоў адбіў 761 кідок пры працэнце адбітых кідкоў 92.9.

На чэмпіянаце краіны па плаванні ў Берасці разыграны першыя камплекты ўзнагарод

У Берасцейскім абласным ЦАР па водных відах спорту стартаваў адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні на кароткай вадзе. У першы дзень нацыянальнага першынства былі разыграны дзесяць камплектаў медалёў. На дыстанцыі 200 м вольным стылем наймацнейшай сярод жанчын стала Алеся Ігнатовіч, у мужчын – Канстанцін Курачкін, які таксама перамог і на дыстанцыі 1500 м. У жаночым фінале на 400 м комплексным плаваннем лепшай была Аксана Бальшакова, мужчынскі заплыў у гэтым відзе выйграў Віталь Ракіцін . На дыстанцыі 200 м брасам не было роўных Ангеліне Малашчанцы ў жанчын і Яўгену Навумчыку ў мужчын. Таксама адбыліся тры эстафеты, у кожнай з якіх перамаглі квартэты, якія прадстаўлялі Менск.

The Telegraph: „Уімблдон” гатовы дапусціць на турнір расіян і беларусаў

„Уімблдон” гатовы перагледзець сваю пазіцыю і ў наступным годзе дапусціць да ўдзелу тэнісістаў з Расіі і Беларусі. Пра гэта паведамляе The Telegraph. Сёлета яны не былі дапушчаныя да турніраў у Брытаніі, і ў выніку ATP і WTA пазбавілі „Уімблдон” магчымасці разыгрываць рэйтынгавыя ачкі. Паведамляецца, што арганізатары „Уімблдона” не жадаюць змагацца з усім астатнім тэнісным светам. Гульцы з Расіі і Беларусі змогуць выступаць на ўсіх індывідуальных турнірах пад нейтральным сцягам.

Беларускае Радыё Рацыя