Футбалісткі „Дынама-БДУФК” святкавалі сёмую перамогу з сухім лікам



Футбалісткі менскага „Дынама-БДУФК” святкавалі сёмую запар перамогу з сухім лікам у матчах жаночага чэмпіянату Беларусі.

У хатнім паядынку дзейныя чэмпіёнкі краіны разграмілі гасцей з берасцейскага „Дынама” з лікам 11:0. Па галявому дублю ў гэтай сустрэчы аформілі Анастасія Лінік і Ганна Піліпенка. У сямі праведзеных матчах падначаленыя Юрыя Малеева забілі 61 гол, не прапусціўшы ніводнага ў сваю браму.

Галоўны канкурэнт дынамаўскай каманды ў барацьбе за золата ФК „Мінск” таксама выйграў з лікам 11:0 у футбалістак „Гомеля”. Хет-трык у свой актыў запісала канадка Патрыцыя Ламана, адзін раз вызначылася лепшы бамбардзір першынства Мелана Сураўцава, у якой зараз 10 забітых мячоў.

Два чэрвеньскія матчы кваліфікацыі беларусы правядуць у Венгрыі

Чарговыя адборавыя матчы чэмпіянату Еўропы футбалісты зборнай Беларусі правядуць у сталіцы Венгрыі, паведамілі у асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. У паядынку 3-га тура кваліфікацыйнай групы I падначаленыя Георгія Кандрацьева 16 чэрвеня згуляюць з камандай Ізраіля, а 19 чэрвеня сустрэнуцца з футбалістамі Косава. Абедзве сустрэчы пройдуць у Будапешце на стадыёне „Феранца Сусы”, трыбуны якога ўмяшчаюць 13 тысяч гледачоў. Праўда, паводле рашэння УЕФА, калі каманда прымае супернікаў на нейтральным полі, то гульні праходзяць без гледачоў.

На старце адборавага турніру Еўра-2024 зборная Беларусі прайграла Швейцарыі 0:5 і Румыніі 1:2.

Санкцыі ў дачыненні да „Шахцёра” закрануць гэты сезон

Журналіст „Прессбола” Арцём Гулькоў у сваім „тэлеграм”-канале падзяліўся інсайдарскімі звесткамі адносна гісторыі вакол салігорскага „Шахцёра” і сталічнага „Энергетыка-БДУ”. Нагадаю, Дом футбола павінен вырашыць, якім чынам паступіць з залатымі і срэбранымі прызёрамі леташняга чэмпіянату, якія апынуліся замешаныя ў скандале, звязаным з так званым стымуляваннем. Па словах крыніцы, санкцыі з боку БФФ, калі такія будуць мець месца, не закрануць перагляд вынікаў сезона-2022. Аднак гэта не значыць, што клубы змогуць пазбегнуць пакарання.

„Усе рашэнні датычацца гэтага сезона (відавочна, зняццё ачкоў). Адпаведна, беларускае прадстаўніцтва ў еўракубках не зменіцца”, — піша журналіст.

Клубы Саудаўскай Аравіі хочуць запрасіць у лігу Месі, Модрыча і Бензема

Урад Саудаўскай Аравіі плануе зрабіць сур’ёзныя інвестыцыі ў мясцовы футбольны чэмпіянат, паведамляе Footmercato. Па інфармацыі крыніцы, кіраўніцтва арабскай краіны жадае, каб у кожнага з чатырох топ-клубаў была свая суперзорка. У „Аль-Насра” ўжо ёсць партугальскі нападнік Крышціяну Раналду. Ва ўзмацненні маюць патрэбу „Аль-Хіляль”, „Аль-Іціхад” і „Аль-Ахлі”. „Аль-Хіляль” хоча набыць аргенцінскага нападніка французскага „ПСЖ” Ліянэля Месі. Клуб хоча прапанаваць яму значна больш выгадны кантракт, чым іспанская „Барселона”.

„Аль-Ахлі” нацэліўся на падпісанне паўабаронцы мадрыдскага „Рэала” Лукі Модрыча, аднак той плануе падоўжыць сваё пагадненне з „Каралеўскім клубам” да 2024 года. Нападнік „Рэала” Карым Бензема можа перайсці ў „Аль-Іціхад”. Француз ужо абмеркаваў умовы кантракта з кіраўніцтвам саудаўскай каманды, аднак адхіліў прапанову аб пераходзе.

Сабаленка згуляе з Марыяй Сакары ў 1/2 фіналу турніру WTA-1000 у Мадрыдзе

Беларуска Арына Сабаленка згуляе ў паўфінале турніру WTA-1000 у Мадрыдзе з прызавым фондам 7 мільёнаў 600 тысяч даляраў.  Сёння ў паядынку за выхад у фінал другая ракетка планеты сустрэнецца з грэчаскай тэнісісткай Марыяй Сакары, якая займае 9-е месца ў сусветным рэйтынгу. У васьмі папярэдніх сустрэчах Сабаленкі і Сакары беларуска святкавала пяць перамог, саступіўшы тройчы.

Кары – першы гулец у гісторыі НБА, які рэалізаваў 600 трохачковых у плэй-оф

Зорны разыгрываючы „Голдэн Стэйт” Стэфен Кары стаў першым гульцом у гісторыі НБА, які рэалізаваў 600 трохачковых кідкоў у матчах плэй-оф. У першым матчы серыі супраць „Лэйкерс” Кары закінуў 6 з 13 з-за дугі і павялічыў паказчык за кар’еру да 601. Кары з’яўляецца лідарам у гісторыі НБА па гэтым паказчыку. Другое месца займае яго партнёр па камандзе Клэй Томпсан, у якога 483 рэалізаваныя далёкія кідкі.

Федэрацыя фехтавання Швецыі забараніла спартсменам спаборнічаць з беларусамі

Федэрацыя фехтавання Швецыі на афіцыйным сайце паведаміла аб увядзенні для шведскіх спартоўцаў забароны на ўдзел у спаборніцтвах разам з расейцамі і беларусамі. Рашэнне распаўсюджваецца на спаборніцтвы на скандынаўскім, еўрапейскім і міжнародным узроўні.

Беларускае Радыё Рацыя