Футбалісты БАТЭ завяршылі еўракубкавы сезон
Футбалісты барысаўскага БАТЭ завяршылі еўракубкавы сезон, саступіўшы ў плэй-оф кваліфікацыі Лігі канферэнцый косаўскаму клубу „Балкані”. У паядынку ў адказ за трапленне ў групавую стадыю барысаўчане ў венгерскім Мезеквешдзе выйгралі з лікам 1:0. На мінулым тыдні ў Прышціне падначаленыя Кірыла Альшэўскага пацярпелі буйную паразу з лікам 1:4. Гэты еўракубкавы сезон БАТЭ пачаў з кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. Там барысаўчане спачатку былі мацней за албанскі клуб „Партызані” – 1:1 і 2:0, але затым пацярпелі паразу ад кіпрскага „Арыса” з Ларнакі – 2:6 і 3:5, пасля чаго перайшлі ў 3-і кваліфікацыйны раўнд Лігі Еўропы, дзе па суме двух паядынкаў саступілі малдаўскаму „Шэрыфу” з Ціраспаля – 1:5 і 2:2.
„Манчэстэр Сіці” згуляе з „Лейпцыгам”, „Црвенай Звездай” і „Янг Бойз” у групе Лігі чэмпіёнаў
У Манака адбылося лёсаванне групавога этапа футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Дзеючы пераможца галоўнага кантынентальнага турніру ангельскі „Манчэстэр Сіці” выступіць у групе G, дзе яго супернікамі будуць нямецкі „Лейпцыг”, швейцарскі „Янг Бойз” з Берна і сербская „Црвена Звезда”. Фіналіст мінулага розыгрышу італьянскі „Інтэр” з Мілана згуляе ў квартэце D разам з аўстрыйскім „Зальцбургам”, партугальскай „Бенфікай” і іспанскім „Рэалам Сасьедад”. Самы тытулаваны клуб Старога Свету 14-разовы ўладальнік Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў мадрыдскі „Рэал” трапіў у групу С і будзе супернічаць з нямецкім „Уніянам”, італьянскім „Напалі” і партугальскай „Брагай”. У групе А „Баварыя” будзе змагацца з „Манчэстэр Юнайтэд”, „Капенгагенам” і турэцкім „Галатасараем”. Чэмпіён Іспаніі „Барселона” трапіла ў групу Н, дзе яе супернікамі будуць партугальскі „Порту”, украінскі „Шахцёр” і бельгійскі „Антвэрпэн”. У групe B выступяць „Севілья”, „Арсенал”, „Ланс” і ПСВ (Эйндховен). У групу Е трапілі „Феенорд”, „Атлетыка”, „Лацыё” і „Селтык”, а ў групу F – „Пары Сэн-Жэрмэн”, „Барусія”, „Мілан” і „Ньюкасл”. Сустрэчы групавога этапа пройдуць з 19 верасня па 13 снежня.
Хакеісты „Шахцёра”, „Хіміка” і „Лакаматыва” з перамог стартавалі ў беларускай экстралізе
Трыма матчамі ў Салігорску, Берасці і Наваполацку завяршыўся стартавы тур 32-га чэмпіянату Беларусі па хакеі. Цэнтральны паядынак вечара быў згуляны ў Салігорску, дзе сышліся паўфіналісты мінулага сезона „Шахцёр” і „Юнацтва” Стартавая трэць сустрэчы завяршылася ўнічыю 1:1, але ўжо на 17-й секундзе другога перыяду Аляксей Сяргееў вывеў „гарнякоў” наперад. Гэтая шайба апынулася апошняй2:1, і салігарчане пачынаюць сезон з перамогі. Паралельна ў Наваполацку „Хімік” сустракаўся з „Дынама-Маладзечна”. Падчас гульні паўночнікі дзякуючы двум шайбам Арцёма Зямлянкіна вялі з лікам 3:1, але госці здолелі зраўняць лічбы намаганнямі Валерыя Гурына, які таксама аформіў дубль. І ўсё ж поспех у гэты дзень святкаваў „Хімік”: у сярэдзіне фінальнай трэці перамогу свайму клубу прынёс Аляксей Садовік – 4:3. Таксама ў чацвер адносіны высвятлялі хакеісты „Брэста” і „Лакаматыва”. Шасцідзесяці хвілін гульні супернікам не хапіла: асноўны час скончыўся з лікам 2:2, авертайм пераможцу таксама не выявіў, а ў серыі пасляматчавых кідкоў больш дакладнымі апынуліся аршанцы 3:2.
Арына Сабаленка выйшла ў 1/16 фіналу адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе
У Нью-Ёрку працягваецца заключны турнір Вялікага шлема бягучага сезона – адкрыты чэмпіянат ЗША па тэнісу. У чацвер праход у трэці раўнд US Open аформіла Арына Сабаленка, якая пасеяна на турніры пад другім нумарам. У паядынку 1/32 фіналу беларуска ў дзвюх партыях перамагла прадстаўніцу Вялікабрытаніі Джодзі Брэйрэйдж – 6:3, 6:2. Падчас матчу Сабаленка шэсць разоў падала навылёт і рэалізавала тры брэйк-поінты. Суперніцай Арыны ў матчы трэцяга раўнда US Open будзе францужанка Клара Бюрэль, якая на стадыі 1/32 фіналу разабралася з Каралінай Плішкавай з Чэхіі 6:4, 6:2.