Футбалісты „Менска” выйгралі ў „Дняпра” ў матчы чэмпіянату Беларусі



Футбалісты „Менска” перамаглі магілёўскі „Днепр” 4:2 у гасцявым матчы 13-га тура чэмпіянату Беларусі. У складзе менчукоў хет-трык аформіў Антон Шрамчанка, яшчэ адзін мяч забіў Уладзімір Хвашчынскі, а магіляўчане адказалі галамі Кірыла Гусева і Марка Мокіна. У Жодзіне футбалісты „Тарпеда-БелАЗа” разграмілі „Слуцк” з лікам 3:0. У першым тайме двойчы вызначыўся Валерый Гарбачык, а незадоўга да фінальнага свістка трэці мяч забіў Аляксей Анцілеўскі.

„Шахцёр” дабраўся на матч Лігі чэмпіёнаў чартарам з Вільні

„Шахцёр” дабраўся ў Марыбор на матч 1-га кваліфікацыйнага раунда Лігі чэмпіёнаў прамым чартарам з Вільні. Першы матч пройдзе ў Марыбары заўтра і пачнецца ў 21.15 па беларускім часе, сустрэча ў адказ адбудзецца ў Турцыі 13 ліпеня (пачатак — у 20.00). Галоўны трэнер „Шахцёра” Сяргей Ташуеў вызначыўся з заяўкай каманды на першы матч. У спіс трапілі Фесу Плака, Ардыт Крымі і Вітар Фейжаа, якія не згулялі пакуль за гарнякоў ніводнай сустрэчы. Па-за заяўкай апынуліся гульцы зборнай Беларусі абаронца Руслан Хадаркевіч і нападнік Андрэй Салавей.

Сатышвілі стаў гульцом менскага „Дынама”

Хакейнае менскае „Дынама” аб’явіла пра падпісанне кантракта з беларускім нападнікам Даніілам Сатышвілі, паведамілі ў прэс-службе сталічнага клуба. У мінулым сезоне 18-гадовы форвард дэбютаваў у беларускай экстралізе за наваполацкі „Хімік”. У рэгулярным чэмпіянаце Сатышвілі набраў 9 (7+2) ачкоў у 47 сустрэчах пры паказчыку карыснасці „+2”; у 9 матчах плэй-оф хакеіст зарабіў 6 (5+1) балаў. У складзе зборнай Беларусі-U18 Данііл прыняў удзел у юніёрскім чэмпіянаце свету-2021, дзе згуляў у 5 матчах і набраў 3 (2+1) ачкі. Таксама ў актыве Сатышвілі ёсць выступы за нацыянальную каманду Беларусі. У серыі таварыскіх сустрэч супраць зборнай Расеі, якія прайшлі ў траўні, юны форвард адзначыўся голам і выніковай перадачай. Акрамя таго, хакеіст быў капітанам маладзёжнай зборнай краіны на Кубку Чорнага мора ў Сочы. Двухбаковае пагадненне мінскага „Дынама” з Даніілам Сатышвілі разлічана на адзін сезон.

Два беларускія гульцы перабраліся ў Францыю

Беларускія хакеісты Арцемій Чэрнікаў і Уладзіслаў Ганчароў наступны год правядуць у трэцім дывізіёне чэмпіянату Францыі. Абодва будуць выступаць за клуб „Вілар-дэ-Ланс” з аднайменнай камуны, паведамляе hockey.by Чэрнікаў у мінулым годзе гуляў у Казахстане. Форвард правёў за „Кулагер” 25 гульняў і набраў 10 (3+7) ачкоў. Ганчароў сезон-2021/22 правёў у „Лакаматыве”. За аршанцаў абаронца згуляў 46 матчаў, зарабіўшы 10 (3+7) балаў.

Надаль выйшаў у чвэрцьфінал Уімблдона

Другая ракетка свету, іспанскі тэнісіст Рафаэль Надаль выйшаў у чвэрцьфінал Уімблдона-2022. На стадыі 1/8 фіналу 22-разовы чэмпіён турніраў „Вялікага шлема” ў трох сэтах перайграў Ботыка ван дэ Зандсюлпа з Нідэрландаў. Матч з 21-м нумарам рэйтынгу АТП завяршыўся з лікам 6:4, 6:2, 7:6 (8:6). Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 24 хвіліны. Надаль дзевяць разоў падаў навылёт, дапусціў дзве падвойныя памылкі і рэалізаваў пяць брэйк-пойнтаў з 11. За пуцёўку ў паўфінал іспанец будзе змагацца з 11-й ракеткай планеты амерыканцам Тэйларам Фрытцам, які пакуль не прайграў супернікам ніводнага сэта.

Адкрыты чэмпіянат Беларусі па веласпорце на шашы пройдзе 6-9 ліпеня

Адкрыты чэмпіянат краіны па веласпорце на шашы пройдзе на тэрыторыі індустрыяльнага парку „Вялікі камень” і спарткомплексу „Раўбічы” 6-9 ліпеня, паведамілі у РЦАП па веласіпедных і лядовых відах спорту. У спаборніцтвах прымуць удзел прадстаўнікі велаклубаў Беларусі, зборныя абласцей і Менска, а таксама расійскія спартоўцы. У складах каманд – чальцы нацыянальнай зборнай краіны, прызёры буйных міжнародных стартаў Яўген Каралёк, Яўген Собаль, Раман Цішкоў, Станіслаў Бажкоў, Раман Раманаў, Ганна Церах ды іншыя. Усяго на турніры выступяць больш за 200 веласіпедыстаў з дзвюх краін.

Беларускае Радыё Рацыя