Футбалісты „Рэала” і „Мілана” прабіліся ў паўфінал Лігі чэмпіёнаў
Футбалісты „Рэала” і „Мілана” першымі прабіліся ў паўфінал Лігі чэмпіёнаў. Пасля хатняй вікторыі над лонданскім „Чэлсі” 2:0 дзейныя ўладальнікі трафея з такім жа вынікам выйгралі і ў брытанскай сталіцы. Голавы дубль у гэтай сустрэчы аформіў бразільскі форвард „Рэала” Радрыга, які вызначыўся на 58-й і 80-й хвілінах. Супернік каманды Карла Анчалоці вызначыцца сёння ў Мюнхене пасля сустрэчы паміж „Баварыяй” і англійскім „Манчэстэр Сіці”. У другім паядынку італьянскага чвэрцьфінальнага дэрбі „Мілан” на выездзе згуляў унічыю з „Напалі” — 1:1. На 43-й хвіліне вызначыўся форвард гасцей Аліўе Жыру. На 22-й хвіліне Жыру не рэалізаваў пенальці. На 82-й хвіліне грузінскі хаўбек „Напалі” Хвіча Кварацхелія таксама не рэалізаваў 11-метровы ўдар, а на 93-й нападнік гаспадароў Віктар Асімхен параўняў лік.
„Мілан”, які абыграў неапалітанцаў у першай сустрэчы 1:0, прайшоў у наступную стадыю турніру, дзе будзе змагацца з пераможцам супрацьстаяння „Бенфіка” — „Інтэр”.
Жодзінскія тарпедаўцы выйгралі ў „Славіі” ў першым паўфінале Кубка Беларусі
Футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” з лікам 1:0 перамаглі на выездзе мазырскую „Славію” ў першым паядынку паўфінальнай стадыі розыгрышу Кубка Беларусі. Сустрэча на полі мазырскага стадыёна „Юнацтва” прайшла ў невысокім тэмпе, і заўзятары ўбачылі толькі адзін гол. Яго ў самым пачатку другой паловы гульні забіў нападнік тарпедаўцаў Валерый Гарбачык, які выйшаў на замену.
Паядынак у адказ адбудзецца 10 траўня ў Жодзіне. Сёння ў Гародні барацьбу за выхад у фінал пачнуць футбалісты мясцовага „Нёмана” і фіналіст мінулага кубкавага турніру барысаўскі БАТЭ.
Гурэнка можа ўзначаліць берасцейскае „Дынама”
Ігар Крывушэнка пакінуў пасаду галоўнага трэнера берасцейскага „Дынама”. Адным з кандыдатаў на яго замену з’яўляецца экс-настаўнік сталічнага „Дынама”, „Тарпеда”-БелАЗ і „Шахцёра” Сяргей Гурэнка. Мясцовых спецыялістаў, у тым ліку памочнікаў Крывушэнкі, разглядаць у якасці змены кіраўніцтва клуба не збіраецца, паведамляе football.by.
Хакеісты „Металурга” зраўнялі лік у фінале супраць „Нёмана”
У беларускай хакейнай экстралізе працягваецца фінальная серыя, у якой трафей аспрэчваюць жлобінскі „Металург” і гарадзенскі „Нёман”.
Пасля трох матчаў лідэрства ў чэмпіёнскай серыі захапілі гарадзенцы 2:1, чацвёртая гульня супрацьстаяння прайшла ў Жлобіне. Папярэдняя сустрэча каманд скончылася перамогай „Нёмана” з лікам 5:0, аднак падзеі ў аўторкавым паядынку разгарнуліся з дакладнасцю да наадварот – на гэты раз без закінутых шайбаў супернікаў пакінулі гульцы „Металурга”. Самі жлабінчане ўпершыню здолелі вызначыцца толькі ў сярэдзіне другога перыяду, калі наперад гаспадароў вывеў Ягор Воранаў. У заключнай 20-хвілінцы Данііл Сатышвілі ўмацаваў перавагу падначаленых Дзмітрыя Краўчанкі, а канчатковы лік – 3:0 на карысць „сталёвых ваўкоў” – усталяваў Сяргей Кузняцоў.
Такім чынам, хакеісты „Металурга” другі раз зраўнялі лічбы ў чэмпіёнскай серыі 2:2. Пяты матч фіналу адбудзецца ў Гародні ў чацвер, шостая гульня паміж камандамі пройдзе 22 красавіка зноў у Жлобіне. Пры неабходнасці сёмы матч супрацьстаяння будзе згуляны 24 красавіка.
Відэасервіс VOKA цалкам адключыў каналы Setanta Sport
Відэасэрвіс VOKA цалкам адключыў VOD-каналы Setanta Sport, якія раней пераназваў у „Спорт 01”, „Спорт 02”. Гледачы ў Беларусі практычна страцілі магчымасць глядзець еўрапейскі футбол, „Формулу 1” і іншыя рэйтынгавыя віды спорту. Нагадаю, 13 красавіка Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовае папярэджанне распаўсюджвальніку прадукцыі тэлевізійных СМІ – унітарнаму прадпрыемству „А1”.
Беларускае Радыё Рацыя