Футбольнага заўзятара аштрафавалі за тое, што ён не падняўся падчас гімна



Суд Ленінскага раёну Гродна аштрафаваў дырэктара аднаго з прадпрыемстваў на 480 рублёў (15 базавых велічынь) за непавагу да дзяржсімвала.

Фота: MAYDAY TEAM

Здарэнне адбылося два месяцы таму, пішуць праваабаронцы MAYDAY TEAM. 25 чэрвеня ў Гродне прайшоў футбольны матч паміж мясцовым «Нёманам» і барысаўскім БАТЭ. Перад гульнёй загучаў дзяржаўны гімн, аднак адзін з заўзятараў (як мяркуецца, прыезджай каманды) застаўся сядзець на месцы.

На мужчыну склалі пратакол, а пазней аштрафавалі паводле арт. 24.54 КаАП (незаконныя дзеянні ў адносінах да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь).