Менскае „Дынама” перамагло маскоўскі ЦСКА
Футбольная зборная Беларусі прайграла ў Астане Казахстану — 1:2. Гэта быў паядынак Лігі нацый у лізе С, перадапошні для дружыны Георгія Кандрацьева. Міхаіл Габышаў вывеў наперад гаспадароў поля на 29-й хвіліне. Павел Савіцкі аднавіў раўнавагу ўжо ў даданыя да асноўнага часу першага тайма хвіліны. Пераможны гол забіў на 79-й хвіліне Бахціёр Зайнутдзінаў. У першым матчы Беларусі з Казахстанам была нічыя 1:1.
У зборнай Казахстана стала 13 ачкоў, у Беларусі засталося 2. 25 верасня беларусы згуляюць у Сербіі са славакамі. У Варшаве на стадыёне „Нарадовы” у рамках матчу Лігі А Групы 4 зборная Польшчы прымала каманду Нідэрландаў. Госці святкавалі перамогу з лікам 2:0. Ужо на 13-й хвіліне Кодзі Гакпа адкрыў лік у матчы. Яму асіставаў Дэнзел Думфрыс. А кропку ў гульні на 60-й хвіліне паставіў Стывен Бергвейн.
Зборная Нідэрландаў набрала 13 ачкоў. Каманда займае першае месца ў турнірнай табліцы. Польская зборная з чатырма ачкамі знаходзіцца на трэцім месцы. Галоўны трэнер зборнай Польшчы Чэслаў Міхневіч адзначыў, што Нідэрланды больш валодалі мячом і стварылі больш галявых момантаў чым палякі. У наступным туры Нідэрланды згуляюць на сваім полі з Бельгіяй, а Польшча адправіцца ў госці да Уэльса.
Серб Міліч Чурчыч прызначаны выконваючым абавязкі галоўнага трэнера салігорскага „Шахцёра”
Сербскі спецыяліст Міліч Чурчыч прызначаны выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера асноўнага складу салігорскага „Шахцёра”. Пра гэта паведамляюць сацсеткі „жоўта-чорных”.
Чурчыч увайшоў у трэнерскі склад „Шахцёра” ў лютым бягучага года. Трэнерскую кар’еру пачаў у якасці асістэнта ў 2013 годзе, мае ліцэнзію „PRO”. Асіставаць Чурчычу будзе Іван Евіч, які вядомы па працы ў юнацкіх і нацыянальнай зборных Сербіі.
Хакеісты менскага „Дынама” выйгралі ў ЦСКА
У чарговым матчы чэмпіянату КХЛ менскае „Дынама” выйграла ў маскоўскага ЦСКА — 3:1. У складзе «зуброў» шайбы закінулі Уладзімір Алістраў, Раян Спунэр і Седрык Пакет. На „Мінск-Арэне” прысутнічала больш за 11 тысяч заўзятараў. На хатняй арэне „Дынама” не выйгравала ў армейцаў з 2014 года. Беларуская каманда набрала 13 ачкоў пасля 9 матчаў і займае 2-е месца ў Заходняй канферэнцыі. Заўтра дынамаўцаў ва Уфе чакае „Салават Юлаеў”.
Аршанскі „Лакаматыў” выйграў чацвёрты матч запар у беларускай экстралізе
Трыма матчамі ў Маладэчне, Оршы і Салігорску працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Самы выніковы паядынак дня выдалі аршанскі „Лакаматыў” і „Ліда”. „Чыгуначнікі” закінулі адразу сем шайбаў, дазволіўшы сабе прапусціць толькі двойчы. Характэрна, што ўсе шайбы гаспадароў у матчы закінулі сем розных хакеістаў. Такім чынам, „Лакаматыў” адсвяткаваў шостую перамогу ў сезоне і замацоўваецца на 2-м месцы ў табліцы. Вышэй за аршанцаў размяшчаецца толькі „Шахцёр”, які ў паралельным матчы ў Салігорску мінімальна перайграў „Гомель” – 1:0. Адзіную шайбу ў першым перыядзе закінуў форвард „гарнякоў” Ілля Паранін. З такім жа лікам 1:0 скончылася і сустрэча „Юнацтва” і „Дынама-Маладзечна”. Перамогу мінчанам у авертайме прынёс Павел Шчарбакоў.
Сёння ў беларускай экстралізе таксама адбудуцца тры матчы. „Металург” у Жлобіне прыме „Магілёў”, „Брэст” на сваім лёдзе сустрэнецца з „Віцебскам”, а наваполацкі „Хімік” дома згуляе супраць гарадзенскага „Нёмана”.
Беларускае Радыё Рацыя