Гандбалісткі „Гомеля” і „БНТУ-БелАЗа” выйшлі ў фінал жаночага чэмпіянату Беларусі



Гандбалісткі „Гомеля” і „БНТУ-БелАЗа” сталі фіналісткамі жаночага чэмпіянату Беларусі. Дзеючыя чэмпіёнкі краіны гамяльчанкі ў паўфінале двойчы ўпэўнена перайгралі берасцейскі клуб „Вікторыя-Бярэсце” – 36:28 (у гасцях) і 34:28 (дома). Уладальніцы срэбраных медалёў мінулага першынства спартоўкі „БНТУ-БелАЗа” таксама без асаблівых праблем выйгралі ў гарадзенскай „Гараднічанкі” – 33:25 (у гасцях) і 43:27 (дома).
Першыя паядынкі медальных серый адбудуцца 13 траўня ў Менску і Берасці, сустрэчы ў адказ пройдуць 20 траўня ў Гомелі і Гародні. Серыі працягнуцца да дзвюх перамог адной з каманд.

„Рэал” і „Манчэстэр Сіці” згулялі ўнічыю ў першым паўфінале Лігі чэмпіёнаў

Мадрыдскі „Рэал” і „Манчэстэр Сіці” не выявілі пераможцу ў стартавым паўфінальным матчы футбольнай Лігі чэмпіёнаў.

У першым тайме сустрэчы на полі арэны „Санцьяга Бернабеу” ў іспанскай сталіцы лідары англійскай прэм’ер-лігі мелі вялікую перавагу, але ўсе іх атакі да поспеху не прывялі. Больш за тое, гаспадары ўмела абараняліся, а на 36-й хвіліне гульні ў адной з рэдкіх контратак Вінісіус Жуніёр эфектным далёкім ударам вывеў „Рэал” наперад. Пасля перапынку бельгійскі хаўбек „Манчэстэр Сіці” Кевін Дэ Бруйнэ аднавіў парытэт і больш гледачы забітых мячоў не ўбачылі – нічыя 1:1. Паядынак у адказ адбудзецца 17 траўня ў Манчэстэры. Сёння ў другім паўфінале  пройдзе міланскае дэрбі – на газоне стадыёна „Джузепе Меацца” футбалісты „Мілана” сустрэнуцца з „Інтэрам”.

У розыгрышы Кубка Беларусі па футболе вызначацца фіналісты

У розыгрышы футбольнага Кубка Беларусі пасля паўфінальных матчаў у адказ стануць вядомыя ўдзельнікі вырашальнага паядынку.

У першай сённяшняй сустрэчы футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” згуляюць на сваёй арэне з мазырскай „Славіяй”. У Мазыры тарпедаўцы здолелі перамагчы з мінімальнай перавагай – 1:0. Адзіны мяч у гэтай сустрэчы забіў Валерый Гарбачык, які вызначыўся на 48-й хвіліне.

Таксама сёння фіналіст мінулага кубкавага турніру барысаўскі БАТЭ прыме гарадзенскі „Нёман”. У першай сустрэчы ў Гародні супернікі не выявілі пераможцу, згуляўшы ўнічыю – 1:1. Абодва галы забілі барысаўчане – спачатку абаронца Захар Волкаў зрэзаў мяч у сваю браму, а незадоўга да фінальнага свістка форвард Аляксандр Шасцюк зраўняў лік.

Вырашальны паядынак 32-га розыгрышу Кубка Беларусі адбудзецца 28 траўня на полі мінскага стадыёна „Дынама”.

Сасновіч выйшла ў 1/32 фіналу турніру ў Рыме

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч паспяхова пачала выступы на турніры WTA-1000 у Рыме з прызавым фондам 3,5 мільёны даляраў.

У першым раўндзе адзіночнага разраду беларуска, якая займае 44-е месца ў сусветным рэйтынгу, адолела ў трохсэтавым паядынку прадстаўніцу Канады Лейлу Фернандэс, у якой 50-я пазіцыя, – 7:6 (7:4), 4:6, 6:3. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 35 хвілін. У 1/32 фіналу суперніцай Аляксандры Сасновіч будзе харвацкая тэнісістка 24-ы нумар сусветнага рэйтынгу Дона Векіч.

„Нью-Джэрсі” без Ягора Шаранговіча разгромна саступіў „Караліне” 1:6

Пераканаўча разабраўшыся ў гасцях з „Нью-Джэрсі”, „Караліна” зараз знаходзіцца ў адной перамозе ад выхаду ў фінал Усходняй канферэнцыі. Трэці раз за чатыры матчы серыі „д’яблы” прапусцілі больш за 5 шайбаў. У кожнай з гэтых трох прайграных баталій яны звярталіся да такой непрыемнай працэдуры, як замена брамніка. Беларускі нападнік „Нью-Джэрсі” Ягор Шаранговіч ужо звыкла застаўся па-за гульнявой заяўкай.

Беларускае Радыё Рацыя